Пад воклічы «Ганьба!» Дзянісава аштрафавалі на 25 базавых (фота)
Такі прысуд журналісту «Белсату» і вядомаму музыку Алесю Дзянісаву вынес Кастрычніцкі суд Гродна. Падставай сталі два відэа на старонцы Алеся ў «Вконтакте», якія суд палічыў «экстрымісцкімі».
Паводле суду, Дзянісаў увесну 2017 года падзяліўся на сваёй старонцы ў сацсетках двума запісамі, што тычыліся «маршаў недармаедаў», якія былі змешчаныя на рэсурсе анархістаў з «Рэвалюцыйнага Дзеяння». Сам рэсурс быў прызнаны «экстрымісцкім» яшчэ ў 2016 годзе, таму аўтаматычна ўвесь ягоны кантэнт — таксама.
Так Дзянісаў і трапіў пад закон аб «Супрацьдзеянні экстрымізму» і быў сёння асуджаны да штрафу паводле ч.2 арт. 17.11 Адміністратыўнага Кодэксу ў памеры 25 базавых, а гэта больш за 600 рублёў. Дзянісаў сваёй віны не прызнаў, патлумачыўшы, што не мае ведаць, які ў нас рэсурс забаронены, а які не, тым больш, што сама старонка працягвала дзейнічаць і пасля забароны.
«Я не разумею, — тлумачыць Дзянісаў. — Чаму сама старонка і відэа былі даступныя ажно да 10 верасня 2018 году, калі забарона на старонку дзейнічала ад лістапада 2016 году. Дык адкуль я маю ведаць, што са старонкай паводле закону нешта не так?.. Я ж не заходжу штодня на старонку Міністэрства Інфармацыі, каб спраўджваць, што забаронена, што — не».
Больш за тое, у саміх відэа, паводле Дзянісава, няма нічога экстрымісцкага — гэта нават не палітычны, а сацыяльны пратэст. Удзельнікі відэа — анархісты, якія бралі ўдзел у «маршы недармаедаў» у Брэсце — таксама не былі асуджаныя за экстрымізм, то бок ані ў іх дзеяннях, ані ў плакатах ці лозунгах, экстрымізму няма. Дык чаму ж тады відэа «экстрымісцкае»?
Суддзя Валер Шпак не палічыў патрэбным нешта тлумачыць альбо дыскутаваць з абвінавачаным. Сам працэс трываў зусім нядоўга — каля гадзіны. З матэрыялаў справы, бадай, быў зачытаны адно пратакол апытання міліцыі. Выніковы прысуд — штраф, агалошванне якога прысутныя ў зале сустрэлі воклічамі «Ганьба!» ды «Фу-у-у!».