Пачаўся суд над журналістам Алегам Груздзіловічам

2 сакавіка ў судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся суд над журналістам Алегам Груздзіловічам.

gruzdilovich_1.jpg


Груздзіловіч абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Справу завялі пасля таго, як Груздзіловіч пазбавіўся акрэдытацыі МЗС як журналіст «Радыё Свабода» і асвятляў адзін з маршаў як пазаштатны карэспандэнт «Народная волі», піша REFORM.by.

Напярэдадні суду над Алегам Груздзіловічам ягоная жонка Мар’яна пераказала апошнія навіны ад мужа.

«У апошніх лістах у асноўным пісаў пра штодзённае жыццё, штосьці асабістае. Нядаўна сказаў, што пачаў кашляць. Не ад прастуды, а ад таго, што ў камеры шмат хто курыць, — апавядае Мар’яна Груздзіловіч. — Раней адзін яго сукамернік сышоў з першага ярусу, таму Алег з другога перайшоў на яго месца. Спачатку радаваўся. Пісаў што, маўляў, першая ноч прайшла вельмі добра. Што палепшыў “жыццёвыя ўмовы”, бо не трэба лазіць наверх. Аднак праз пэўны час выявілася, што ўсё не так ужо і цудоўна, бо яго ложак каля прыбіральні. Акрамя таго што там кураць, дык яшчэ і бясконцы паток людзей побач, 8 чалавек у камеры».

Няпроста складаюцца адносіны і паміж сукамернікамі.

«Крыніцы мне паведамілі, што 2 сукамернікі Алега пачалі да яго чапляцца. Яны па “наркатычным” артыкуле – 328 КК. Аднаму каля 27 гадоў, другі гадоў на 10 старэйшы. Алег ім у бацькі ці нават у дзядулі гадзіцца. А гэтыя хлопцы такія нахабныя. Даводзяць яго. Аднак мне сказалі, што Алег трывае-трывае, але потым як дасць ім адпор. Гэтае наша беларуская цярпенне мае ж таксама нейкія межы. Алежка і сам у лісце напісаў, што ў нейкі момант яно скончваецца», — кажа Мар’яна.

«Учора мне напісаў: “Ты не хвалюйся. Усё добра”. Сказаў, што атмасфера ўжо змянілася, тым больш двое новенькіх паступілі. Проста я лічу, што нават крымінальнік нейкі, забойца, павінен з павагай да Алежкі ставіцца. Гэта проста аксіёма. Ён не заслугоўвае іншых адносінаў, — кажа Марʼяна.— Мне яго так шкада, што ён у 63 гады мусіць жыць у такіх умовах. За што? І фортка заўсёды адчыненая ў іх ноччу, бо кураць. Усе прастуджаныя...».