Неабходна збіраць чарговы V Усебеларускі сход інтэлігенцыі
Да такой высновы 5 лютага ў Мінску прыйшлі сябры грамадскай ініцыятывы «Рада беларускай інтэлігенцыі» (РБІ).
Казулін прапанаваў сабраць восенню бягучага году чарговы V Усебеларускі сход інтэлігенцыі, каб шчыра абмеркаваць сітуацыю, што склалася ў краіне пасля 20 гадоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі,
а таксама перспектывы існавання беларускай дзяржавы і нацыі.
У такім сходзе, які неабходна правесці восенню бягучага году ў краіне, ці за яе межамі, мусяць прыняць удзел каля 700 прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі з Беларусі і беларускай дыяспары,
лічыць палітык. Ён прапанаваў правесці на сходзе таемнае галасаванне, каб вызначыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў.
“І калі мы ўдумліва аднясемся да пытанняў, што будзем абмяркоўваць пад час падрыхтоўкі сходу і вынясем у яго парадак дня, такая праца будзе мець пэўны плён”, -- сказала Алена
Анісім. Яна лічыць, што сябры рады павінны абазначыць сябе, як сіла, што можа прадукаваць і культываваць у грамадстве штосьці годнае, прыстойнае і сумленнае, “бо задача нацыянальнай
інтелігенцыі – маральна рыхтаваць грамадства да зменаў”. “Нам трэба весці гаворку пра тое, якія змены павінны адбыцца ў краіне і на што мусяць звяртаць увагу тыя людзі,
якія заўтра прыдуць да ўлады ў Беларусі”, -- адзначыла Алена Анісім.
На пашыраным пасяджэнні рады з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў, якая збярэцца неўзабаве, мяркуецца стварыць группы экспертаў для вырашэння пытанняў падрыхтоўкі чарговага сходу беларускай
інтэлігенцыі.
Нагадаем, што першыя чатыры сходы беларускай інтэлігенцыі, на якіх разглядаліся актуальныя праблемы жыцця грамадства і ролі нацыянальнай інтэлігенцыі ў іх вырашэнні, адбыліся, адпаведна, 16
сакавіка 2003 году ў палацы культуры “Сукно” (Мінск), 25 красавіка 2004 году ў сталічным Доме літаратараў, 28 траўня 2005 году ў лесе пад Мінскам і 14 траўня 2007 году на беразе
Нёмана ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, дзе 9 ліпеня 1906 году адбыўся нелегальны з’езд беларускіх настаўнікаў з удзелам класіка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа.