Няма таго, што раньш было. Ці выгадна ездзіць на закупы за мяжу?
Некалі шоп-туры ў Польшчу карысталіся вялікай папулярнасцю, прычым не толькі ў жыхароў прыгранічнага Гродна. На шопінг у Беласток таксама рэгулярна адпраўляліся аўтобусы з Мінска. А што сёння?
«Наша Ніва» паглядзела, што адбываецца на гэтым кірунку.
У дакавідныя часы паездкі на шопінг у Польшчу для жыхароў Гродна з'яўляліся чымсьці натуральным. Штодня з абласнога цэнтра ў шоп-туры адпраўляліся дзясяткі маршрутак.
Цэны на білеты па цяперашніх мерках былі больш, чым дэмакратычныя. За $20-25 можна было з'ездзіць з Гродна ў Беласток наведаць рынак, некалькі гандлёвых цэнтраў і вярнуцца назад. Так было да пандэміі, міграцыйнага крызісу і вайны.
Яшчэ падчас кавідных абмежаванняў палякі закрылі пункт пропуску «Кузніца» (з беларускага боку «Брузгі») у адказ на стварэнне міграцыйнага крызісу. Праз гэта адлегласць ад Гродна да Беластока ўзрасла, цэны на квіткі таксама. Два гады таму, вясной 2022-га, шоп-туры з Гродна ў Беласток каштавалі ўжо 120 рублёў (каля 42 даляраў па тагачасным курсе).
У лютым 2023 года закрылі пункт пропуску «Баброўнікі», адлегласць ад Гродна да Беластока ўзрасла да 250 кіламетраў, бо трэба было дабірацца ў Польшчу праз Літву. Цэны на білеты туды-назад падляцелі да 160 рублёў (каля $60 па тагачасным курсе).
Пасля закрыцця «Прывалкі» з 1 сакавіка 2024 года цэны на квіткі ўзраслі да 240 рублёў, гэта каля 75 даляраў за паездку туды-назад.
«У Польшчы мы трацілі пад 2000 даляраў»
Суразмоўца «Нашай Нівы», які раней рэгулярна ездзіў у Беласток на закупы, кажа, што апошні раз быў там на пачатку лютага, калі яшчэ працавала «Прывалка».
«Паехалі разам з жонкай і закупіліся па поўнай. Куплялі адзенне сабе і дзецям, бытавую хімію, каву, слодычы, тэлефон. Праз тое, што ў Польшчы мы патрацілі пад 2000 даляраў, атрымалася сэканоміць некалькі сотняў пасля таго, як вярнулі VATы», — распавядае гродзенец.
Пасля закрыцця «Прывалкі» і змяншэння лімітаў на бяспошлінны правоз тавараў да 25 кілаграмаў і 500 еўра думак ехаць на закупы ў Беласток у яго больш не з'яўлялася.
«Той жа тэлефон, які мы набылі ў лютым, па новых правілах легальна правезці ўжо нельга. Нейкая іншая больш-менш грунтоўная тэхніка таксама каштуе больш за 500 еўра.
Адбіць выдаткі на дарогу стала складаней, бо білеты дарагія, а ліміты нізкія. А калі ўявіць, што такая паездка можа заняць 2-3 сутак, то ніякай эканоміі не захочаш».
Вільня замест Беластока
Іншая суразмоўца, якая ў дакавідныя часы часцяком адпраўлялася на закупы ў Беласток, таксама адмовілася ад гэтай звычкі.
Жанчына кажа, што апошні раз у Польшчу ездзіла яшчэ праз «Бераставіцу». Колькі тады каштавалі білеты, яна ўжо дакладна не памятае.
«Пасля закрыцця «Бераставіцы» па парадах сяброў адкрыла для сябе Вільню. Магчыма, на некаторыя пазіцыі цэны ў Літве вышэйшыя, чым у Польшчы, але ехаць нашмат бліжэй і хутчэй. У дадатак у Вільні цяпер жывуць сваякі, да якіх можна завітаць у госці і бясплатна заночыць».
Калі ў дакавідныя часы галоўная мэта паездак была эканомія, то цяпер асноўным фактарам жанчына называе больш шырокі выбар тавараў.
«У Беларусі цяпер нельга набыць шэраг брэндаў праз іх зыход з краіны, таму паездкі на закупы ў Вільню — гэта ў першую чаргу больш шырокі асартымент».
«Траціць на гэта двое-трое сутак дакладна няма ніякага сэнсу»
Яшчэ адзін гродзенец расказвае, што апошні раз ездзіў у Беласток праз «Беняконі», бо «Прывалка» ўжо не працавала.
«Ехалі машынай разам са знаёмымі, таму выдаткі на дарогу дзялілі 50/50. З Беларусі ў Літву трапілі за 9 гадзін, а вось назад стаялі ў чарзе амаль суткі», — згадвае суразмоўца.
Да паездкі падштурхнулі навіны пра магчымае хуткае зніжэнні лімітаў на ўвоз тавараў.
«Звычайна мы ездзілі на закупы на майскія, перад пачаткам навучальнага года і часам перад Новым годам. Гэтым разам паехалі ў сярэдзіне сакавіка. З тэхнікі набылі робат-пыласос, ноўтбук і трымер. Нешта з адзення, крыху тавараў для дома, пральныя парашкі, каву і г.д. Калі б ехалі ўжо пасля 1 красавіка, то столькі правезці не атрымалася б, бо адзін толькі ноўтбук каштаваў больш за 500 еўра», — кажа суразмоўца.
Мужчына ўпэўнены, што калі велізарныя чэргі захаваюцца, то перад 1 верасня на закупы ён дакладна не паедзе.
«Нават калі ўявіць, што і з новымі нормамі атрымаецца па выніках паездкі сэканоміць 50-100 даляраў, то траціць на гэта двое-трое сутак дакладна няма ніякага сэнсу», — лічыць мужчына.
Колькасць рэйсаў скарацілася
Пра тое, што шоп-туры па шэрагу прычын страцілі былую папулярнасць, сведчыць той факт, што частка перавозчыкаў больш не аказвае такія паслугі.
Шэраг перавозчыкаў адмовіліся ад шоп-тураў у Беласток пасля таго, як з сакавіка Літва закрыла яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, паралельна забараніўшы праезд праз сваю мяжу турыстычным аўтобусам, якія накіроўваюцца ў Польшчу.
Але некаторыя турагенцтвы працягваюць прадаваць шоп-туры з Мінска ў Беласток. Кошт білета — 150-170 рублёў у адзін бок. Праўда, апроч гэтага, трэба закладаць яшчэ каля 30 даляраў на начлег у Беластоку. Такім чынам атрымліваецца, што паездка на закупы з Мінска ў Польшчу абыдзецца ў 400 рублёў (каля $130), і гэта толькі выдаткі на дарогу і начлег.
Пры гэтым прадстаўнікі турфірм папярэджваюць, што не заўжды могуць назваць канкрэтную дату выезду з Мінску, паколькі гэта залежыць ад камплектнасці групы. Што падкрэслівае невысокі попыт на падобныя туры пасля 1 сакавіка.
Частка гродзенскіх перавозчыкаў таксама адмовілася ад паездак у шоп-туры ў Беласток пасля закрыцца «Прывалкі».
Тыя, хто працягвае вазіць людзей на закупы, вымушаны ехаць у суседні горад праз Брэст.
Як і ў выпадку са сталічнымі перавозчыкамі, гродзенскія папярэджваюць, што паедуць толькі пры наборы групы ад 14 чалавек. Кошт білетаў — 240 рублёў у абодва бакі (каля $75).