Някляеў: Ці хочам мы застацца тымі, хто мы ёсць? Беларусамі. Ці знікнем?
Бог даў нам мову, каб мы былі! Да дня роднай мовы пісьменнік Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў фэйсбуку разважае пра тое, што такое мова?
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
Што такое мова?
Сродак камунікацыі?
Я сказаў – нехта пачуў?
І адказаў?
Так. Але не толькі.
Усё глыбей.
Мова – Божы цуд.
У мяне ёсць апавяданне, у якім Бог, стварыўшы першага чалавека, забыўся даць яму мову. І чалавек не стаў чалавекам.
Дык што ёсць мова?..
Прырода яе, калі спусціцца з нябёс, дзе Бог, на зямлю, дзе людзі, дасюль застаецца загадкавай.
У набліжэннях да разгадкі першынство належыць Вільгельму фон Гумбальду, які і па сёння – найбольшы аўтарытэт у мовазнаўстве. “Мова народа ёсць ягоны дух і дух народа ёсць ягоная мова, цяжка ўявіць сабе нешта больш тоеснае”, – вось асноўная канцэпцыя Гумбальдта, якую падзялялі ўсе вядучыя лінгвісты свету, у тым ліку гэтакі аўтарытэтны вучоны ў славянскім свеце як А. Патэбня.
Менавіта Гумбальдт увёў паняцце “моўная свядомасць народа” і сцвярджаў, што як чалавек (народ) стварае мову, гэтаксама і мова стварае чалавека (народ). Кожная мова апісвае вакол народа, якому яна належыць, круг, выйсці з якога можна толькі ў тым выпадку, калі ступіш у круг іншы.
З гэтага вынікае: іншы круг – іншая мова. Іншая мова – іншы народ.
Нехта можа сказаць: Вільгельм фон Гумбальдт, хоць ён і фон, не для ўсіх аўтарытэт. Хоць бы па той прычыне, што не ўсе ў нас яго чыталі, а нехта нават не ведае, што такі быў.
Для некага аўтарытэт – Іосіф Сталін, які таксама, пра што нават у песні спяваецца, “у мовазнаўстве ведаў толк”. І вось што пісаў: “Мова нараджаецца і развіваецца з нараджэннем і развіццём грамадства. Яна памірае разам са смерцю грамадства”.
Няма мовы – няма народа. У гэтым Сталін ведаў толк.
Хіба гэта не тыя ж кругі Гумбальдта?.. Круг існавання – і круг знікнення.
Мы на мяжы кругоў. Пытанне ў тым, ці хочам мы застацца тымі, хто мы ёсць? Беларусамі. Беларускім народам. Ці ступім у іншы круг – і знікнем.
Бог даў нам мову, каб мы былі…