Ніл Гілевіч — лаўрэат прэміі За свабоду думкі
Апошні Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч уганараваны прэміяй “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава 2015 года. Імя лаўрэата было названа на ўрачыстай цырымоніі, якая прайшла на радзіме слыннага беларускана пісьменніка.
Фотарэпартаж нашага карэспандэнта Генадзя Кеснера з цырымоніі ўручэння прэміі "За свабоду думкі" можна паглядзець тут.
Сіноптыкі прадказвалі на гэты дзень кепскае надвор’е, але, на шчасце, чарговым разам памыліліся. На малую радзіму Быкава з’ехаліся больш за сто чалавек з Мінска, Віцебска, Полацка ды іншых гарадоў Беларусі.
Цырымонія ўганаравання ды ўшанавання традыцыйна праходзіць на малой радзіме Васіля Быкава — у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Як правіла, мерапрыемства не абыходзіцца без прысутнасці малодшай сястры Васіля Уладзіміравіча Валянціны, і гэты год не стаў выключэннем.
Цырымонію вёў краязнаўца, вядучы тэлепраграмы “Падарожжы дылетанта” Юрый Жыгамонт. Сярод прысутных былі такія вядомыя ў Беларусі і па-за яе межамі асобы, як экс-кіраўнік Нацыянальнага банка прафесар Станіслаў Багданкевіч, мастакі Алесь Марачкін, Мікола Купава і Алесь Пушкін, бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч, гісторыкі Міхась Біч і Леанід Лыч, старшыня ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч і паэт Міхась Скобла, перакладчык, былы кіраўнік БНФ Лявон Баршчэўскі, сустаршыня БХД Павел Севярынец ды многія іншыя.
Словы Майстра
На вялікі жаль, па стане здароўя Ніл Сымонавіч Гілевіч не змог прыехаць у Бычкі, таму прэмія будзе перададзена яму пазней у Мінску. Тым не менш, прысутныя ўсё ж пачулі голас Народнага паэта – аўдыёзапіс быў падрыхтаваны загадзя.
“Праз усю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя ў належнай меры пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё свабодай думкі. Вядома, і людзі свету мастацтва — паэты, музыкі, жывапісцы, скульптары. А, можа, і ў першую чаргу яны, бо іхняя жыццёвая місія —выўляць сябе, сваю душу. Што, якую душу выўляеш, мастак? Душу свабоднага грамадзяніна ці душу халуя і лёкая? Каму служыш — праўдзе ці хлусні? Каму молішся – небу ці залатому цяльцу? Тут водападзел паміж творцамі сапраўднымі, вартымі людской павагі, і сервільнымі прыстасаванцамі ў мастацтве, якія на павагу свайго народу разлічваць не маюць права”, — казаў сваім добра пазнавальным голасам выбітны творца.
Гісторыя прэміі
Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання палітыкам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапейскі парламент. Прэміяй “За свабоду думкі” ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.
Лаўрэатамі прэміі ў мінулыя гады станавіліся паэт Рыгор Барадулін, пісьменнік Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, рок-музыка Лявон Вольскі, краязнаўца Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Марачкін, акцёр Віктар Шалкевіч ды іншыя.
Як распавёў аўтару гэтых радкоў ініцыятар ды заснавальнік узнагароды Аляксандр Мілінкевіч, лаўрэатаў прэміі “За свабоду думкі” вызначае не Рух “За Свабоду” ці ён асабіста, але выбітныя людзi нашае краіны. На самым пачатку, яшчэ ў 2008 годзе, быў вызначаны cпic з 50 найбoльш вядомых лiдараў думак, якія і назвалі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць самі лаўрэаты папярэдніх гадоў. Такім чынам, журы кожны год папаўняецца аўтарытэтнымі асобамі. “Лiчу такi прынцып вельмi справядлівым і аб’ектыўным”, — кажа старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
Чаму Гілевіч
Што да цяперашняга лаўрэата, то, па словах Мілінкевіча, ніякіх сумневаў у журы не было.
“Напачатку было шмат прапановаў розных людзей, былі іншыя знакамітыя людзі, прозвішчы якіх я не буду называць, але спадзяюся, што з часам яны таксама атрымаюць прэміі. Але лідарам быў Ніл Гілевіч. Перамагло пачуццё павагі да старэйшых. Дастойных атрымаць прэмію “За свабоду думкі” многа, бо свабодна думаючых шмат, вось і ўсе тыя, хто зараз ёсць тут, такія, ды ў іншых месцах таксама. Але Гілевіч гэта дэманстраваў у розныя часы і дэманструе да сённяшняга дня, хаця мог бы жыць значна спакайней як Народны паэт. Проста ён абраў такую гістарычную місію. Пра мову, культуру, незалежнасць і свабоду кажуць многія, але голас такога чалавека гучыць мацней. Таму на фінішы галасавання Гілевіч перамог з вялікай перавагаю. І яшчэ хачу дадаць: калі мы ставімся з павагаю да выдатных людзей Беларусі, то трэба паспець сказаць ім добрае слова пры жыцці. Дай Бог яму доўгіх гадоў!”, — сказаў лідар Руху “За свабоду”.
У сваю чаргу, паэт Міхась Скобла нагадаў, што Ніл Гілевіч увойдзе ў гісторыю, бадай, як адзіны паэт, што, напрыклад, выдаў збор сваіх твораў у 23 тамах на ўласную пенсію. Ад сябе дадамо, што гэта сапраўдны жах, калі рускамоўныя дэтэктыўшчыкі выдаюць немаведама за які кошт выкшталцоныя ў плане афармлення і сабекошту кнігі, а беларускія класікі мусяць даносіць сваё слова да чытача за ўласныя грошы.
Чакайма зноў
Было на імпрэзе шмат выступленняў, шчырых словаў і на адрас Гілевіча, і на адрас Быкава. Многія чыталі вершы сёлетняга лаўрэата ды ягоныя масцітыя ды трапныя эпіграмы. Калі б Ніл Сымонавіч прысутнічаў на імпрэзе, яму б, упэўнены, спадабалася б. А выніковым аздабленнем цырымоніі стаў выступ таксама лаўрэата прэміі “За свабоду думкі” Лявона Вольскага.
Арганізатары паабяцалі, што і ў наступным годзе з’явіцца новы лаўрэат прэміі, і зноў запрасілі ўсіх у Бычкі. А Валянціна Уладзіміраўна Быкава запэўніла, што будзе ўсіх чакаць з вялікай нецярплівасцю і шчырасцю.