Ніл Гілевіч – лаўрэат прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава

У суботу, 20 чэрвеня, адбылося ўручэнне прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Сёлетнім лаўрэатам стаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.



hilevich.jpg

Цырымонія ўганаравання традыцыйна праходзіць на малой радзіме Васіля Быкава - у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Удзел у імпрэзе, якую вядзе акцёр, вядучы “Падарожжаў дылетанта” Юрый Жыгамонт і падчас якой выступіць Лявон Вольскі, бяруць больш больш за сто чалавек. 
Сярод іх такія вядомыя асобы, як былы старшыня Нацбанка, прафесар Станіслаў Багданкевіч, мастакі Алесь Марачкін, Мікола Купава і Алесь Пушкін, эканаміст Сяргей Чалы, бард Віктар Шалкевіч, гісторык Міхась Біч, паэты Андрэй Хадановіч і Міхась Скобла, перакладчык, грамадскі дзяяч Лявон Баршчэўскі і г.д. Шмат хто з выступоўцаў чытаў вершы, у тым ліку Ніла Гілевіча.
На жаль, па стане здароўя лаўрэат прэміі “За свабоду думкі-2015” Ніл Гілевіч (паэту 83 гады) не здолеў прыехаць у Бычкі: узнагарода будзе перададзена яму пазней у Мінску. Але на мерапрыемстве прагучаў аўдыёвыступ паэта, у якім ён паразважаў пра місію носьбітаў свабодных думак.
“Праз усю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя ў належнай меры пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё свабодай думкі. Вядома, і людзі свету мастацтва — паэты, музыкі, жывапісцы, скульптары. А, можа, і ў першую чаргу яны, бо іхняя жыццёвая місія — выўляць сябе, сваю душу. Што, якую душу выўляеш, мастак? Душу свабоднага грамадзяніна ці душу халуя і лёкая? Каму служыш — праўдзе ці хлусні? — разважае Ніл Гілевіч. - Каму молішся — небу ці залатому цяльцу? Тут водападзел паміж творцамі сапраўднымі, вартымі людской павагі, і сервільнымі прыстасаванцамі ў мастацтве, якія на павагу свайго народу разлічваць не маюць права”.
Ніл Гілевіч згадаў паэму “Курган” Янкі Купалы, радкі, у якіх гусляр адказвае дэспату-князю на загад праспяваць песню на ўцеху яго вяльможным гасцям: “Гуслям, княжа, не пішуць законаў”; “Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, не скуеш толькі дум ланцугамі”.
Калі нашая сённяшня моладзь будзе ўваходзіць у сталае жыццё з гэтым купалаўскім запаветам, нашу Бацькаўшчыну чакае вялікая прыгожая будучыня”, — перакананы народны паэт Беларусі.
Таксама ён пачытаў нізку ўласных вершаў патрыятычна-грамадзянскай тэматыкі.
Даведкава:
Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху “За Свабоду” ў 2008 годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання Аляксандрам Мілінкевічам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапарламент.
Прэміяй “За свабоду думкі” ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.
Лаўрэатамі прэміі мінулымі гадамі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Марачкін, акцёр Віктар Шалкевіч.
“Лаўрэатаў прэміі “За свабоду думкі” вызначае не Рух “За Свабоду”, а выбітныя людзi Беларусi. Спачатку, у 2008 годзе, быў складзены cпic з 50 найбoльш вядомых лiдараў думак, якія і вызначылі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць лаўрэаты папярэдніх гадоў. Такім чынам, журы кожны год папаўняецца аўтарытэтнымі асобамі. Лiчу такi прынцып вельмi справядлівым і аб’ектыўным”, — кажа старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. 
Паводле прэс-рэлізу Руху за Свабоду