«Ніколі не губляйце сваю ўсмешку» — цяпер экстрэмізм. Хронікі рэпрэсій, 22 студзеня

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 22 студзеня.

1_1097.png

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» выяву з тэкстам «ніколі не губляйце сваю ўсмешку»

Гаворка пра выяву «ніжняй частцы чэрапа са скрыжаванымі ззаду косткамі і размешчаным зверху надпісам "Never lose your smile"». Адпаведнае рашэнне прынятае 14 студзеня судом Цэнтральнага раёну Гомеля.

photo_2025_01_22_19_46_12.jpg

Таксама спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Польский студент», «Mister Frostovik», «Беларусь комiкс», «Жодино канал», «ЗЕБГ+», «North Side Group», «Strike Drone Company»;
  • Instagram старонкі «stachkombelaruskalii», «2025calendar», «razam.niedersachsen», «smthnhappened», «filin.bу», «streetwind», «Квартал Запад-2 TUT», «ПТСР Дiда», «MURAMASA», «Біле ⨁ Сонце»;
  • Facebook-старонка «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя: Брэсцкая вобласць»;
  • Старонка ў «Х» «Пульс Беларуси»;
  • Сайт «Povestka помощь призывникам» — no-army.cоm;
  • Youtube-каналы «Народны дэпутат», «Экономика здравого смысла | Ярослав Романчук»;
  • Старонкі ў сацсетках праекту «Мiнiстэрства сепультуры»;
  • Старонкі ва «Укантакце» «Антология Сибирского Панка», «Студэнты.bу | Студэнты Беларусi», «Сацыяльна-хрысцiянскi рух»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Мы против диктаторских режимов 2», «Иван Столяров», «Общее дело»;
  • Старонка ў TikTok «blueeyedone3257».

Стала вядомае імя адной з «памілаваных» палітзняволеных

Гэта пенсіянерка і настаўніца з Баранавічаў Алена Стахейка. Пра гэта ў Facebook паведаміла кіраўніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.

Алену Стахейка асудзілі на год калоніі ў красавіку 2024 года. Яе абвінавачвалі ва ўдзеле ў дзеяннях груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Паводле версіі абвінавачвання, Алена разам з групай людзей у жніўні 2020 года «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый».

Будзьце ўважлівыя — стварылі фэйкавы бот «Вясны»

Праваабаронцы выявілі, што быў створаны фэйкавы бот «Вясны», які нібыта звязаны з выбарамі — аднак інфармацыю пра выбарчыя парушэнні праз асобны Telegram-бот “вясноўцы” не збіраюць. Паведаміць аб парушэннях падчас выбараў можна праз Google форму ці праз афіцыйныя кантакты.

Афіцыйныя кантакты ПЦ «Вясна» можна паглядзець у апісанні @viasna96 ці на старонцы «Кантакты» (https://spring96.org/be/news/44681) на spring96.org

За палітыку буду судзіць адну з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі

У Першамайскім судзе Мінска 30 студзеня пачнуць судзіць Алену Шарафановіч. Гэта адна з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі, у медыцынскіх чатах і суполках немагчыма ніводнага негатыўнага водгуку пра яе ад пацыентаў. Наадварот, удзячныя людзі перадаюць адзін аднаму яе імя, піша «Наша Ніва».

Алене Шарафановіч інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Судзіць лекарку будзе намесніца старшыні суда Першамайскага раёна Наталля Дзядкова. 

Шарафановіч скончыла Мінскі медыцынскі інстытут і аспірантуру Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці «анкалогія». Шэсць разоў праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, стажыравалася ў Германіі і ЗША.

13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ 3 гады ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазернай дэрматалогіі «HappyDerm».

У Чашніках у пяты раз судзілі спартоўца-аматара Канстанціна Чарнова

Судовы ціск у дачыненні да мужчыны распачаўся яшчэ ў снежні мінулага года: 6 снежня, 11 снежня, 17 снежня і 21 студзеня яго судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), а 19 снежня — за «несанкцыянавае пікетаванне» (ч. 1 арт. 24.23 КаАП).

Цягам апошніх месяцаў «экстрэмісцкімі» былі прызнаны старонкі Канстанціна ў сацсетках, у тым ліку тройчы — яго акаўнт у ТікТок, піша @vicspring.

Віцебляніну, асуджанаму да 4,5 гадоў калоніі, хочуць узмацніць пакаранне.

У жніўні 2022 года Аляксею Рэзнікаву прысудзілі 4,5 гады калоніі за пасты і рэпосты «ВКонтакте» паводле пяці крымінальных артыкулаў. Вядома, што Аляксей працаваў раней за мяжой, але з-за цяжкага стану ягонай маці ён вярнуўся дадому, дзе і быў затрыманы. Праз тры дні пасля арышту сына памерла ягоная маці. Мужчына застаўся без сваякоў. У 2022 годзе яго ўнеслі ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Мужчына адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2. Па інфармацыі праваабаронцаў, сёння, 22 студзеня, у Бабруйску мусіў адбыцца суд па замене Аляксею рэжыму ўтрымання на турэмны. Суддзя Дзмітрый Свірыдаў.

Болей за 3270 чалавек асудзілі за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікаваных вынікаў выбараў у 2020 годзе

Ужо пяты год рэжым ладзіць шырокамаштабныя рэпрэсіі: адбываюцца затрыманні і крымінальныя суды, у тым ліку за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсіфікаваных вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Па інфармацыі «Вясны», з 2020 года паводле гэтых артыкулаў у Беларусі асудзілі мінімум 3277 чалавек. Лічба можа быць большай, бо рэжым хавае сапраўдныя маштабы рэпрэсій. Гэта амаль палова ад усіх асуджаных па палітычна матываваных матывах з 2020 года.

У Лепелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі жанчыну, якая служыць у войску

21 студзеня ў судзе Лепельскага раёна разглядалі справу ў дачыненні да Ганны Ігараўны Траян. Жанчыну асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Працэс узначальвала суддзя Ірына Кручыніна, піша @vitebsk_info.

Паводле ўсіх прыкмет, жанчына служыць у 231-й артылерыйскай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Бароўцы Лепельскага раёна.

У 2021 годзе Міністэрства абароны Беларусі пісала пра прапаршчыка Ганну:

«Ганна — прадаўжальніца вайсковай дынастыі. З 2016 года дзяўчына служыць фельчарам у гарматным самаходна-артылерыйскім дывізіёне артылерыйскай брыгады. За час службы дзяўчына паспела атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю і заслужыць рэпутацыю выдатнага спецыяліста».

Віцебскі ўрач Аляксандр Рандарэнка прызнаны палітвязнем

Пад увагу сілавікоў 38-гадовы Аляксандр Рандарэнка трапіў пасля таго, як яго з сябрам «развялі на шчырасць» у відэа-чаце «Размовы з Палычам». Сёлета ў красавіку Аляксандр  і яго сябар Дзяніс Саўчанка спярша былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за «прапаганду нацызму» (ч. 1 арт. 19.10 КоАП). Саўчанка пасля «сутак» выйшаў на волю, Рандарэнка – не. З красавіка па чэрвень у судзе Першамайскага раёна Віцебска па адміністрацыйных справах яго судзілі мінімум 5 разоў. 

Летась 23 снежня Віцебскім абласным судом Аляксандр Рандарэнка быў прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (па ч.1 арт.130 КК, ) а таксама ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму (па ч.1 арт.130-1 КК). Па сукупнасці злачынстваў шляхам  складання прызначаных пакаранняў ён асуджаны да пазбаўлення волі на 4 гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.