Вольга Нікалайчык: Ніякія рэпрэсіі не спыняць абаронцаў Курапатаў
Абарона Курапатаў працягваецца трэці месяц. Як кажа абаронца памятнага ўрочышча, рэжысёр Вольга Нікалайчык, ніякія рэпрэсіі не спыняць тых, хто бароніць месца масавых расстрэлаў ад забаўляльнага комплексу і рэстарана «Поедем поедим».
Актывістка звяртае
ўвагу на хамства і нахабнасць “кліентаў” рэстарана, частка з якіх, як яна не
выключае, могуць быць папросту нанятымі асобамі:
— Мяне проста здзіўляе бесчалавечнасць гэтых кліентаў-наймітаў, якія выступілі вайною з беларусамі, якія бароняць нацыянальную памяць. Яны сталі на бок тых, хто здзекуецца, хто апаганьвае нацыянальны некропаль. Гэта не смешна. Увесь свет з намі, бо як так можна!? І тут нехта разганяецца на поўнай хуткасці і едзе паесці, таму ён едзе давіць людзей, а ў нас людзі стаялі з плакацікамі “Не забі”.
“Абарона памятнага ўрочышча будзе працягвацца, хоць можа і ў новым фармаце”, — дадае Вольга Нікалайчык:
— Мы будзем працягваць варту. Мы падыдзем больш крэатыўна. Можа, мы заменім фармат. Мы яшчэ будзем спрабаваць збіраць подпісы на вуліцах, праз рэлігійныя, канфесійныя арганізацыі працаваць, збіраць подпісы ў абарону мемарыяла сталінскага генацыду.
У суботу, 11 жніўня, прайшоў Усенародны марафон пад назвай “Стань у абарону Памяці”. Ён плануецца 11 чысла кожнага месяца. Зараз пад адміністрацыйным арыштам знаходзяцца абаронцы Курапатаў — Павел Северынец і Максім Вінярскі.
Таксама стала вядома, што 29 жніўня мае адбыцца суд над выданнем “Новы Час” і журналістам Дзянісам Івашынам за расследаванне гісторыі незаконнага захопу ахоўнай зоны мемарыяла “Курапаты”.
Яна Запольская,
Беларускае Радыё Рацыя