Незвычайнае пачуццё — уплываць на лёс краіны, у якой жывеш: Беларуска пра польскія выбары

Парламенцкія выбары ў Польшчы мелі гістарычна рэкордную яўку –74,4%, прагаласавала амаль 22 мільёны палякаў. Беларуска Ксенія Тарасевіч нядаўна атрымала польскае грамадзянства і ўпершыню ў жыцці прыняла ўдзел у дэмакратычных выбарах. Пра ўражанні яна распавяла Беларускай службе Польскага радыё.

Падлік галасоў на выбарах у Польшчы — 2023. Фота PAP/Darek Delmanowicz

Падлік галасоў на выбарах у Польшчы — 2023. Фота PAP/Darek Delmanowicz

Мінулыя парламенцкія выбары ў Польшчы мелі гістарычна рэкордную яўку –74,4%, прагаласавала амаль 22 млн палякаў. Рэкорднай яўка аказалася і сярод маладых палякаў – амаль 69%. Для параўнання, падчас папярэдніх парламенцкіх выбараў у 2019 яўка сярод польскай моладзі склала крыху больш за 46%.

Беларуска Ксенія Тарасевіч атрымала польскае грамадзянства і ўпершыню ў жыцці прыняла не толькі пасіўны ўдзел у дэмакратычных выбарах. Апроч самога галасавання Ксенія таксама ўдзельнічала ў назіранні за выбарамі. Беларуская служба Польскага радыё пацікавілася ў Ксеніі, як гэта ўплываць на долю краіны, у якой жыве. 

На жаль беларусы, у адрозненне ад палякаў, такой магчымасці пазбаўленыя, – кажа Ксенія:

— Менавіта мой беларускі вопыт, звязаны з адсутнасцю ў краіне дэмакратычных выбараў, падштурхнуў да ўдзелу ў выбарах тут – у Польшчы, у краіне, у якой жыву ўжо даволі доўга. 

Для мяне гэта было незвычайнае пачуццё, што ёсць магчымасць непасрэдна ўплываць на лёс краіны, у якой ты жывеш.

Цягам выбарчай кампаніі давялося занурыцца ў спецыфіку польскай палітычнай сістэмы, даведацца пра дзве палаты парламента – Сейм і Сенат, вывучыць праграмы розных партый і кааліцый, карацей кажучы, уцягнуцца ў гэты працэс. Вельмі цікавы вопыт, на жаль, дагэтуль недаступны беларусам. 

Глядзіце таксама


– Ксенія, як вы можаце патлумачыць рэкордную яўку сярод моладзі, да якой належыце?

– Мне здаецца, тут некалькі чыннікаў, але я вылучу палярызацыю грамадства і відавочны дысананс паміж палітыкай кіроўнай партыі і патрэбамі еўрапейскай моладзі. Моцная палярызацыя падсцёбвае яўку.

На жаль, гэта таксама сведчыць аб тым, што дэмакратычная сістэма дае пэўныя збоі, бо калі б усё ў дзяржаве працавала добра – такой вялікай яўкі не было б, палякі так актыўна не цікавіліся выбарамі. А яўка сярод моладзі, сапраўды, была агромністай. Мае знаёмыя палякі галасавалі нават у Японіі, стоячы ў доўгіх чэргах.