Наземная мяжа Беларусі застаецца закрытай на другі год
З адказаў дзяржаўных органаў вынікае, што ўлады не збіраюцца адчыняць наземную мяжу для ўсіх грамадзян і што «паслабленняў тут не прадбачыцца».
Наземная мяжа Беларусі застаецца закрытай на другі год. 21 снежня 2020 года пачалі дзейнічаць новыя правілы пры выездзе з Беларусі. Фармальна ў мэтах «прадухілення распаўсюду ў Беларусі інфекцыі, выкліканай каронавірусам» для грамадзян прыпынілі выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску, піша «Радыё Свабода».
Ужо год беларусам, каб паехаць у суседнія краіны праз наземныя пераходы, патрэбныя нейкія афіцыйныя падставы: вучоба, камандзіроўка, запрашэнне на працу, лячэнне і г. д. Журналісты затэлефанавалі на гарачыя лініі Міністэрства аховы здароўя і Дзяржаўнага памежнага камітэта, каб даведацца, ці плануюцца паслабленні пры перасячэнні мяжы.
У памежным ведамстве паведамілі, што абмежавальныя меры вызначаныя Саветам міністраў, таму пры пропуску грамадзян на мяжы кіруюцца менавіта гэтым рашэннем. Ці паслабяць абмежаванні, там не ведаюць.
На гарачай лініі Міністэрства здароўя аргументавалі, што абмежавальныя меры зноў уводзяць усе краіны, і нічога незвычайнага ў гэтым няма. Таму пакуль што ніякіх паслабленняў не плануецца, бо «з’яўляюцца новыя штамы».
Пры гэтым 21 снежня з’явілася пастанова Савета міністраў аб змякчэнні патрабаванняў для самаізаляцыі для кантактных асоб 1 і 2 узроўняў і людзей, якія прыязджаюць у Беларусь. Цяпер каранцін абавязковы толькі для тых, каму пастаўлены дыягназ COVID-19. Лякарні ў краіне сталі пераводзіць у звыклы рэжым працы.
А яшчэ раней у краіне адмянілі абавязковы масачны рэжым, выключыўшы з санітарных норм патрабаванне насіць маскі пры наведванні аб’ектаў, арганізацый і ў транспарце.