Наталля Хершэ абвясціла галадоўку ў магілёўскай турме
З нядзелі 30 студзеня Наталля Хершэ, якая знаходзіцца ў крытай турме Магілёва, абвясціла галадоўку. Пра гэта яна паведаміла напярэдадні свайму брату Генадзю.
Умовы, якія створаны для Наталлі Хершэ ў турме, брат называе не проста ціскам — катаваннямі:
«Цяпер у камеры Наталлі з 6 раніцы і да 22 гадзін, да адбою, на максімальную гучнасць уключаюць беларускае радыё. Яна ўвесь час у камеры, апроч прагулкі на гадзіну, і для яе гэтае радыё невыноснае. Наталля прасіла яго сцішыць ці выключыць, але не атрымала станоўчага адказу», — расказаў брат Св***дзе.
Палітзняволеная перадала брату, што пачынае галадоўку.
«Да гэтага часу прэтэнзій ад адміністрацыі турмы да Наталлі не было. Магчыма, ціск звязаны з тым, што ў сераду яе наведаў адвакат і яна прасіла яго напісаць некалькі скаргаў. Яна мае вагу 53 кілаграмы, скардзіцца на якасць харчавання — пасля пераводу з гомельскай калоніі ў турму яно значна пагоршылася. Нават няма гароху, рысу. Купіла ў краме сыр і марскую капусту, захоўвала за акном, каб прадукты не сапсаваліся, і атрымала за гэта вымову», — кажа Генадзь.
Пры пераводзе з гомельскай калоніі ў Наталлі забралі дзённік. Яна спрабавала па памяці аднавіць свае запісы, але нават тыя аркушы паперы, якія яна мае, адміністрацыя турмы адмаўляецца прызнаць яе асабістымі рэчамі.
«Таму Наталля хвалюецца, што і гэтыя аркушы паперы ў яе забяруць. Ёй нават не дазволілі купіць сшытак у краме! Яшчэ ў камеры вельмі холадна, Наталля сядзіць у фуфайцы. Пры пераводзе з калоніі ў турму недзе „згубіліся“ ейныя цёплыя боты. Цяпер адміністрацыя турмы кажа, каб яна купіла сабе боты за свае грошы. Яна на прагулкі ходзіць у цёплых шкарпэтках і красоўках», — дадаў брат.
Генадзь пісаў скаргі на імя начальніка турмы. Але атрымаў адказ, што ўмовы ўтрымання адпавядаюць санітарна-гігіенічным нормам.
Мае Наталля праблемы з лістамі — многія проста не аддаюць, яны прападаюць, гаворыць брат са словаў Наталлі.
«І мае лісты да яе, і яе лісты да мяне не ўсе даходзяць. Сябры пішуць Наталлі, але яна нічога не атрымлівае. Напісаў сябар з ЗША ёй, а атрымала яна толькі пусты канверт. Наталля абураная тым, што яе пазбавілі права на карэспандэнцыю», — кажа брат.
Раней ён расказваў, што строгі рэжым працягнецца паўгода ад моманту пераводу Наталлі з гомельскай калоніі. А далей ужо вырашаць, ці будуць яго змякчаць. Адмысловая камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні нядаўна пастанавіла, што Наталля не становіцца на шлях выпраўлення. Наступнае пасяджэнне гэтай камісіі адбудзецца ажно ў лістападзе 2022 года. Там ужо застануцца два месяцы да яе афіцыйнага выхаду.
У канцы верасня 2021 года Наталлю Хершэ перавялі ў мужчынскую турму ў Магілёве.