Настаўніцу асудзілі за шпацыр з бела-чырвоным парасонам. Сведка — яе былы вучань
Школьная настаўніца з Іванава Алена Пуцыковіч атрымала 1485 рублёў штрафу за шпацыр па горадзе з бел-чырвоным парасонам. Адным з сведак на судзе быў супрацоўнік міліцыі, у якога у свой час Алена Мікалаеўна выкладала, піша Tut.by.
Алена Мікалаеўна Пуцыковіч — выкладчык з амаль 30-гадовым педагагічным стажам. У Іванаўскай школе яна выкладае рускую мову і літаратуру. Раней у судах настаўніца не бывала, затое са жніўня яе выклікалі ўжо тройчы. За ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі ёй ужо далі штрафаў на 100 базавых велічынь (2700 рублёў).
Апошні раз Алену Мікалаеўну судзілі 11 лістапада. Падставай для разбору стала прагулка па Іванава ў нядзелю 25 кастрычніка. У той дзень каля 20 жыхарак райцэнтра прайшлі па вуліцы Савецкай. У дзвюх з іх у руках былі бела-чырвоныя парасоны, у адной — толькі чырвоны.
Пазней на некаторых удзельніц прагулкі склалі пратаколы. Алене Мікалаеўне — за заклікі і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, а таксама непадпарадкаванне патрабаванню супрацоўніка міліцыі.
11 лістапада справу настаўніцы разгледзелі ў судзе.
Сведкам на судзе выступаў старшы інспектар Іванаўскага РАУС. У свой час Алена Мікалаеўна выкладала яму рускую мову і літаратуру.
Суд прызнаў Алену Мікалаеўну вінаватай і прызначыў ёй 55 базавых велічынь штрафу (1485 рублёў). Яшчэ адна ўдзельніца прагулкі, Марына Кіевец, атрымала 30 базавых (810 рублёў).