«Нас за праўду караюць». Фельчарка «хуткай дапамогі» – пра 38 гадоў працы, артыкул 23.34 і звальненне

Валянціна Алфёрава ўсё жыццё прапрацавала на Бабруйскай станцыі хуткай дапамогі. Пра медыцыну марыла са школы, любіла сваю працу і іншай не хацела. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года жанчына выйшла на мітынгі і акцыі салідарнасці. Перажыла затрыманне, прыніжэнне ў аддзяленні міліцыі, суд і штраф. Увесну з фельчаркай не працягнулі кантракт.

Валянціна Алфёрава на выкліку. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Валянціна Алфёрава на выкліку. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

У размове з «Белсатам» напярэдадні Дня медыка Валянціна распавяла, як змагалася за свае правы, лепшыя ўмовы для калег і як жыве цяпер без працы.

Спачуванне кіраўніцтва было нядоўгім

Валянціну Алфёраву судзілі ў кастрычніку 2020 года. Жанчыну затрымалі пасля аднаго з вераснёўскіх нядзельных шэсцяў у Бабруйску, калі людзі ўжо разышліся. Фельчарку завезлі ў УУС для складання пратаколу. Валянціна распавядала, што там давялося перанесці прыніжэнні, якіх ніколі раней не перажывала – 58-гадовую жанчыну прымушалі распранацца падчас дагляду. Хацелі адправіць у ізалятар да суда, але Валянціне зрабілася кепска, падняўся ціск, яе адвезлі ў лякарню. Фельчарка потым месяц правяла на бальнічным.
Суддзя Таццяна Тарабуева пакарала Валянціну за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу (былы «народны» артыкул 23.34 КаАП) штрафам у памеры 675 рублёў – гэта месячны заробак фельчаркі.
Пасля суду жанчына казала «Белсату», што за працу не баіцца, бо калегі і кіраўніцтва падтрымліваюць яе і спачуваюць. Як аказалася – спачуванне было нядоўгім.
Напрыканцы снежня Валянціна заўважыла, што яе няма ў графіку адпачынкаў на 2021 год – тады жанчына і зразумела, што яе звольняць. У сакавіку яна атрымала апавяшчэнне аб непрацягненні кантракту.
– Я цяпер думаю, што мяне тады адразу не звольнілі пасля суду, бо паглядзелі, што кантракт да 30 красавіка, і падумалі, што так будзе прасцей за ўсё ад мяне пазбавіцца, – кажа Валянціна. – А магчыма, тады ўвосень яшчэ і загадаў не было звальняць тых, у каго 23.34.

Валянціна Алфёрава каля суда ў Бабруйску, 20 кастрычніка 2020 г. Фота: Белсат

Валянціна Алфёрава каля суда ў Бабруйску, 20 кастрычніка 2020 г. Фота: Белсат


«Гэтая пясчынка прагрымела на ўсю Магілёўскую вобласць»

Кіраўніцтва запэўніла фельчарку, што непрацягненне кантракту не звязанае з палітыкай, проста Валянціна дасягнула пенсійнага ўзросту 58 гадоў.
– Але ж я не адзіная пенсіянерка на станцыі хуткай дапамогі, ёсць супрацоўнікі і на 11 гадоў старэйшыя за мяне, і яны працуюць, – кажа наша суразмоўца. – Я запыталася пра гэта ў галоўнай лекаркі, яна сказала, што паступова будуць пазбаўляцца ад усіх пенсіянераў. Відаць, пачалі з маладзейшых.


Валянціна не сумняецца, што ейны ўзрост – ні пры чым. Калегі больш блізкія да начальства распавялі жанчыне, што ўся справа ў ейнай актыўнасці і артыкуле 23.34.
– Я заўсёды казала праўду. І дамагалася праўды, – кажа фельчарка. – Калі трэба было нешта «выбіваць», я спакойна ішла да начальства, таму там на мяне даўно коса глядзелі. Мне прамым тэкстам сказала галоўная лекарка, што я ў іх адна такая праблемная. Я кажу ёй: я – усяго толькі маленькая пясчынка, якія нязручнасці я магу даставіць? А яна – гэтая пясчынка прагрымела на ўсю Магілёўскую вобласць.

Валянціна Алфёрава на курсах падвышэння кваліфікацыі. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Валянціна Алфёрава на курсах падвышэння кваліфікацыі. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Валянціна спрабавала пазмагацца за працоўнае месца. Пісала заяву на імя галоўнай лекаркі з просьбай працягнуць кантракт у сувязі з добрай характарыстыкай, аўтарытэтам сярод калег. Хадзіла ў прафсаюз, пыталася, чаму яны не заступаюцца. Нічога не дапамагло – паўсюль, апусціўшы вочы долу, казалі – у вас ужо пенсійны ўзрост.
На пенсію фельчарку правялі граматай і 116 рублямі прэміі.

З-за несправядлівасці з «ковіднымі» даплатамі звальняюцца педыятры

Валянціна Алфёрава зазначае, што ў той час як кіраўніцтва станцыі звальняе нязручных, персаналу не хапае. Асабліва – педыятраў. Яшчэ на пачатку года адзін педыятр звольніўся, другі – перавёўся на 0,25 стаўкі. Медыкі сыходзяць, бо малыя заробкі, іх крыўдзіць несправядлівасць з «ковіднымі» даплатамі.
– У нас здараліся такія сітуацыі – педыятрычная брыгада прыязджае на выклік да дзіцяці, а там мама ці тата з ковідам. І канешне ты кантактуеш з бацькамі, асабліва калі гэта мама, але ніякіх даплат за гэта няма – маўляў, ты ж аглядаеш не маму, а дзіця. А якая розніца, калі ты ўсё роўна ўжо ў кантакце з інфекцыяй? – пытаецца Валянціна. – На пачатку года педыятры гучна абураліся, праўда, нічога не дамагліся. У выніку пачалі звальняцца.
У лютым педыятрычным брыгадам забаранілі браць міжстацыянарныя перавозкі (з дзіцячай лякарні ў інфекцыйную), паводле нашай суразмоўцы. Часта так перавозяць дзяцей з ковідам, і за гэта мусіць быць даплата. Цяпер у Бабруйску такія выклікі аддаюць так званым «лінейным» брыгадам.
– Пры гэтым могуць быць сітуацыі, калі педыятры сядзяць на станцыі вольныя, але ім усё роўна не даюць перавозкі, нават калі лінейная брыгада занятая, – кажа фельчарка. – Тое дзіця з бацькамі ў выніку могуць чакаць дзве і тры гадзіны, пакуль за імі прыедуць.

Валянціна разам з валанцёрамі ByCovid19 на Бабруйскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Валянціна разам з валанцёрамі ByCovid19 на Бабруйскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Можа не хапіць рук на рэанімацыю дзіцяці

У лінейных брыгадах няма педыятраў, толькі два фельчары і санітар. Паводле Валянціны Алфёравай, гэта можа быць небяспечным у выпадку з дзіцячымі выклікамі.
– Асаблівасць дзіцячага арганізму ў тым, што ты прыязджаеш на выклік, бачыш дзіця ў больш-менш нармальным стане, а праз дзесяць хвілін яно становіцца «цяжкім», – кажа фельчарка. – Таму на дзіцячыя выклікі мусяць ездзіць педыятры, нават калі гэта проста перавозка. А ў нас гэта забаронена.
Часам на змене можа не быць ніводнага педыятра, распавядае Валянціна. Тады едзе фельчар з санітарам. Ці, што здараецца часцей, педыятр і санітар, без фельчара. У той час, як у педыятрычнай брыгадзе мусяць быць лекар, фельчар і санітар.
– Няпоўная камплектацыя брыгады можа быць небяспечнай, калі неабходна рэанімаваць дзіця – не хапае рук, – зазначае Валянціна Алфёрава.
Паводле фельчаркі, ніхто з супрацоўнікаў станцыі, якія атрымалі «ковідныя» надбаўкі, не заступіліся за педыятраў перад кіраўніцтвам. Як, зрэшты, і за саму Валянціну, калі яе звальнялі.
– Мне выказвалі спачуванні ў прыватных размовах, але заступіцца наверх ніхто не пайшоў. Баяцца, што потым не працягнуць кантракт, – кажа фельчарка. – А я ж хадзіла, і не за сябе адну, за ўсіх заступалася. Пыталася, чаму аднаго фельчара адпраўляюць у брыгадзе, а не двух, як гэта мае быць? Дамаглася, каб ездзілі па правілах, удвох. Ніхто нават не падзякаваў.

Праўда вызваляе ад страху

Медыкаў на Бабруйскай станцый хуткай дапамогі змушаюць выпісваць газету «Медыцынскі веснік». Валянціна адмаўлялася.
– Па-першае, кошт 40 рублёў на паўгады – гэта нямала, па-другое – чаму я мушу? – пытаецца фельчарка. – Я тэлефанавала ў рэдакцыю з пытаннем, ці могуць нас прымушаць падпісвацца. Мне адказалі, што не, гэта асабісты выбар кожнага, а таксама дадалі, што ніхто раней ім такое пытанне не задаваў.

Валянціна Алфёрава на выкліку. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Валянціна Алфёрава на выкліку. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай


Паводле Валянціны, астатнія супрацоўнікі выпісвалі газету. Скардзіліся паміж сабой, былі незадаволеныя, але адмовіцца баяліся – не хацелі рызыкаваць кантрактам.
– Баяцца. А я не баюся. Бо люблю праўду. Праўда вызваляе ад страху, – кажа фельчарка. – Чаму я не магу пайсці да кіраўніцтва і сказаць, што мне не падабаецца? Галоўная лекарка не такі чалавек, як я? Хоць, напэўна, лічыць так. Нядаўні выпадак – забараніла працаўнікам станцыі пакідаць на тэрыторыі свае асабістыя машыны. А сваю ставіць. І ўсе абураюцца і маўчаць. Нам нельга казаць праўду, нас за праўду караюць. А яны хлусяць – і ў іх усё добра.

«Пісала ў сачыненнях, што буду змагацца з небяспечнымі інфекцыямі»

Валянціна Алфёрава нарадзілася і правяла дзяцінства ў вёсцы пад Беразіно ў Менскай вобласці. З пятага класу марыла пра медыцыну.
– У суседняй вёсцы быў ФАП, і мне вельмі падабалася фельчарка, якая там працавала, яна была прыкладам для мяне. Тады я вырашыла, што таксама буду медыкам, – узгадвае жанчына. – Памятаю, як пісала ў сачыненнях, што буду змагацца з небяспечнымі інфекцыямі. Мара здзейснілася, калі прыйшоў ковід (смяецца).
Пасля школы Валянціна паехала ў Менск паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, але не атрымалася. Тады пайшла ў Менскае медыцынскае вучылішча. Калі скончыла ў 1983 годзе, выйшла замуж і пераехала ў Бабруйск, дзе да красавіка бягучага года працавала на станцыі хуткай дапамогі. Нарадзіла дваіх дачок. Адна з іх таксама хацела звязаць сваё жыццё з медыцынай, але не паступіла з першай спробы, і пайшла ў іншую сферу.
Валянціна вельмі любіла сваю працу, і калі даведалася, што кантракт не працягнуць, не ўяўляла, як будзе жыць пасля звальнення.
– Люблю ездзіць на выклікі, дапамагаць людзям, калі я бачу, што дзякуючы маім ведам і дзеянням чалавеку проста на вачах робіцца лепш. Гэта – самае каштоўнае ў працы, – кажа фельчарка. – Апошнія два гады я працавала ў педыятрычнай брыгадзе, гэта яшчэ цікавей – дзеці ўсе такія розныя, непасрэдныя. Я жыла сваёй працай.

Валянціна Алфёрава. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай

Валянціна Алфёрава. Фота: асабісты архіў Валянціны Алфёравай



«Патрэбныя салідарнасць і смеласць – тады будуць перамены»

Валянціна ўжо амаль два месяцы не працуе, 28 красавіка была ейная апошняя змена. Уладкавацца ў лякарню ці паліклініку жанчына не спрабавала, хоць і праглядала вакансіі нават у Менску. Але бабруйчанка загадзя ўпэўненая, што яе не возьмуць з «народным» артыкулам. Думала жанчына і за мяжу паехаць, але, кажа, страшна эміграваць ці выпраўляцца на заробкі ў 58 гадоў.
Таму пакуль што фельчарка займаецца агародам, бавіць час з дзецьмі і ўнукамі, адпачывае. Адзінае, што моцна турбуе – маленькая пенсія, на якую немагчыма нармальна жыць – 500 рублёў.
Валянціна са смуткам глядзіць на тое, як медыкаў звальняюць, кідаюць за краты, катуюць, як усё больш першакласных спецыялістаў з’язджае з Беларусі. Бабруйская фельчарка спадзяецца, што змены ў нашай краіне ўсё ж наступяць, і што ўсе цярпенні і ахвяры яе, ейных калег і простых беларусаў – недарэмныя. Але дзеля гэтага, перакананая жанчына, трэба працаваць на карысць перамен.
– Мы плачамся, што нічога не змяняецца, але самі дзеля гэтага нічога не робім, – кажа Валянціна. – Я гэта добра бачу ў медыцынскім асяродку, дзе тыя, што атрымалі даплаты, маўчаць, у той час, як нехта не атрымаў нічога. Маўчаць, калі трэба заступіцца за калегу, бо баяцца застацца без працы. А патрэбная салідарнасць, узаемная падтрымка, смеласць. Тады будуць перамены.
Хацела б Валянціна і пэўных зменаў у медыцыне.
– Перш за ўсё – памяняць стаўленне кіраўніцтва да падначаленых, каб у іх убачылі людзей, а не працоўную сілу, – кажа фельчарка. – Хацелася б, каб далі час працаваць з пацыентамі, бо сёння праца выглядае так – паперы, паперы, і пяць хвілін на хворага. І ясна, што заробкі, каб медык не думаў, прыйшоўшы дамоў, дзе б яшчэ зарабіць, каб сям’ю ўтрымаць.