Нацпарк «Прыпяцкі» зноў грашыць незаконным паляваннем

На працягу апошняга тыдня сакавіка дзяржінспектары двойчы фіксавалі парушэнні правілаў палявання ў нацыянальным парку «Прыпяцкі». Італьянцы, якія там палявалі, а таксама расіянін адстрэльвалі свіязяў — качак, здабыча якіх у веснавы перыяд забароненая.

sviyaz.jpg

Вясновае паляванне на вадаплаўных птушак (3 відаў гусей і 5 відаў качак) адкрылася ў Беларусі 11 сакавіка. Пачынаючы з 23 сакавіка супрацоўнікі Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету двойчы фіксавалі парушэнні падчас правядзення палявання для замежных турыстаў, арганізаванага нацыянальным паркам «Прыпяцкі».
Так, паляўнічыя з Італіі на возеры Чырвонае і грамадзянін Расіі на тэрыторыі Перароўскага лясніцтва застрэлілі свіязяў — качак, паляваць на якіх увесну нельга.

sviyaz_2.jpg

Як стала вядома, імі нанесены ўрон прыродзе ў асабліва буйным памеры, з-за чаго справа перададзеная ў Следчы камітэт. Да адказнасці прыцягнуць службовых асоб нацпарка «Прыпяцкі», вінаватых у дапушчаных парушэннях падчас палявання.
Па наяўнай інфармацыі, грамадзянін Расеі ўжо кампенсаваў шкоду.
Адстрэл падчас веснавога палявання забароненых птушак — не першы падобны выпадак, зафіксаваны ў нацпарку «Прыпяцкі». Некалькі гадоў таму факты незаконнай здабычы свіязі ў ваколіцах Турава выяўлялі супрацоўнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і звярнуліся ў Дзяржінспекцыю. Аднак у той раз вінаватых не пакаралі.
Па словах навуковых супрацоўнікаў, якія працавалі ў нацыянальным парку «Прыпяцкі» ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў, на веснавым паляванні з удзелам замежных грамадзян часцяком адстрэльвалі «усё, што ляціць», пачынаючы ад шпакоў і заканчваючы гусямі.

Смеццевы кантэйнер пасля веснавога палявання ў 2008 годзе каля адміністрацыйнага будынка нацыянальнага парку ў Тураве

Смеццевы кантэйнер пасля веснавога палявання ў 2008 годзе каля адміністрацыйнага будынка нацыянальнага парку ў Тураве

За забарону вясновага палявання, якая наносіць вялікую шкоду папуляцый птушак, шмат гадоў выступаюць «Ахова птушак Бацькаўшчыны», шэраг навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў і нават некаторыя паляўнічыя. Вясновае паляванне на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, у Рамсарскіх угоддзях, якімі з'яўляецца нацыянальны парк «Прыпяцкі», тым больш выклікае здзіўленне і абурэнне.

sviyaz_4.jpg

У плане кіравання нацыянальным паркам «Прыпяцкі», зацверджаным ў 2014 годзе, вясновае паляванне названае ў шэрагу фактараў, якія прадстаўляюць пагрозу мясцовай біяразнастайнасці. Наступствамі веснавога палявання, як паказана ў плане кіравання, з'яўляюцца нізкая колькасць па гнездаванні рачных і нырковых качак, нізкі поспех размнажэння і пазнейшыя тэрміны гнездавання.
Паводле Зялёнага партала