"Начныя ваўкі" зноў прыедуць у Беларусь
Расійскія байкеры з клуба "Начныя ваўкі" зноў прыедуць у Беларусь — для ўдзелу ў мотапрабегу "Дарогі Перамогі. На Севастопаль".
Як паведамляе сайт клуба, прабег стартуе 10 жніўня з пяці гарадоў (Брэста, Санкт-Пецярбурга, Казані, Масквы і Алматы) і закончыцца ў Севастопалі, дзе 21 жніўня адбудзецца ХХ Міжнароднае байк-шоу
"Севастопаль. Кузня Перамогі".
Як расказаў прэзідэнт аддзялення "Дарогі Перамогі" мотаклуба "Начныя ваўкі" Андрэй Баброўскі, удзельнікі еўрапейскай часткі пачнуць збірацца з
10.00 10 жніўня ў Брэсце, каля пагранперахода "Цярэспаль", там будзе праходзіць рэгістрацыя. Раніцай 11 жніўня яны паедуць цераз Беларусь у Арол, а затым у Растоў-на-Доне, дзе
збяруцца разам пяць калон.
"Адтуль рушым на Севастопаль. Нашым еўрапейскім сябрам, якія захочуць далучыцца да нашага мотапрабегу "Дарогі Перамогі", мы прапануем праехаць да Паўночнага Каўказа,
наведаць Чачню, Інгушэцію, Кабардзіна-Балкарыю. У пасёлку Цярскол — гэта Кабардзіна-Балкарыя, Прыэльбруссе — удзельнікі прабегу перасядуць з матацыклаў на фунікулёры і падымуцца на
Эльбрус, дзе будуць усталяваныя сцягі "Начных ваўкоў", "Рускіх матацыклістаў" і краін — удзельніц прабегу", — сказаў
Баброўскі.
У Крым калона адправіцца цераз Краснадарскі край. "Гэта другая частка мотапрабегу для тых еўрапейцаў, хто захоча даехаць да Севастопаля", — зазначыў прадстаўнік
клуба.
Нагадаем, у Брэсце сёлета няўдала завяршыўся іншы мотапрабег маскоўскага мотаклуба — "Дарогі Перамогі", у межах якога "Начныя ваўкі" планавалі з 25
красавіка па 9 мая праехаць з Масквы ў Берлін цераз Мінск, Брэст, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен і іншыя еўрапейскія гарады.
Планы расійскіх байкераў выклікалі негатыўную рэакцыю ў краінах, якія яны мелі намер наведаць, МЗС Польшчы адмовіла групе расійскіх матацыклістаў ва ўездзе. 27 красавіка "Начных
ваўкоў" не пусцілі на тэрыторыю Польшчы, а кіраўніку групы Андрэю Баброўскаму анулявалі візу. 28 красавіка праект "Дарогі Перамогі. На Берлін" быў фактычна згорнуты.
Паводле БелаПАН