На сталічных могілках адкрылі помнік Генадзю Бураўкіну ФОТА
У дзень нараджэння славутага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна на ягонай магіле на Ўсходніх могілках сталіцы адкрылі помнік. Аўтар помніка — скульптар Алесь Шатэрнік.
Помнік мае выгляд разгорнутай кнігі. На адной старонцы — барэльеф і надпіс «Генадзь Бураўкін, паэт», а на другой — радкі з ягоных вершаў: «Ты, мой народ, мяне не папракнеш, я ўсё табе аддаў — жыццё і сілы…».
Сын паэта Аляксей Бураўкін патлумачыў, што напісаць гэтыя словы на помніку быў запавет самога Генадзя Мікалаевіча.
На цырымонію адкрыцьця помніка прыйшлі родныя паэта — жонка, дзеці і ўнукі, вядомыя беларускія літаратары, паплечнікі – Сяргей Законнікаў, Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Радзім Гарэцкі ды іншыя.
Хоць Генадзь Бураўкін цягам доўгіх гадоў быў вядомым дзяржаўным дзеячам — пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом, дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 10 і 11 скліканьня, старшынём Дзяржтэлерадыёкампаніі, нікога з афіцыйных асобаў на адкрыцці помніка не было. Цырымонія была цалкам нефармальная, зладзілі яе выключна родныя і сябры.
Многія людзі прыйшлі з бел-чырвона-белымі кветкамі, запалілі свечкі, усе разам праспявалі «Магутны Божа».
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года, памёр 30 траўня 2014 года.