На будоўлі АЭС 45–50 мільёнаў плацяць расіянам і 3–8 мільёнаў — беларусам

Мікалай Уласевіч расказаў парталу "Зялёная сетка" пра апераджэнне тэрмінаў на АЭС і новую гісторыю на стары лад.



ujezd_zabaronieny_aes.jpg

2000 чалавек і нікога лішняга

На ўзгорку ў Астраўцы растуць “каробкі” АЭС, а за агароджай зніклі хады на тэрыторыю, вядомыя толькі мясцовым жыхарам. Афіцыйна на будоўлі Астравецкай АЭС зараз працуюць каля 2000 чалавек.

Лічбе гэтай, на думку Мікалая Уласевіча, мясцовага грамадскага актывіста, можна верыць:

Будоўля ідзе, і досыць інтэнсіўна — зрэшты па суб’ектыўнай ацэнцы. Тут вялікая колькасць будаўнікоў, іх развозяць і па Варнянах, і па Астраўцы”.

1.1.jpg

 

“Нас непакоіць апераджэнні тэрмінаў”

Будоўлю атамнай электрастанцыі, якая мусіць быць для Беларусі дадатковай крыніцай энергіі “фарсіруюць, нягледзячы на тое, што грошай у дзяржавы няма, у тым ліку для будаўніцтва такога важнага для Беларусі аб’екта. Гэта трэба спыніць, АЭС не вырашае ніводнай праблемы ў краіне,” — лічыць Мікалай.

Нас непакоіць тое, што яны кажуць аб апераджэнні тэрмінаў. Калі ўсё добра пралічана, то ніякага апераджэння графіку не можа быць: любая тэхналогія патрабуе паступовых крокаў. Скажам, закладанне бетону мае пэўныя часавыя межы”.

Новая гісторыя дужа нагадвае Мікалаю ўжо спетую песню пра Чарнобыль, дзе аб’ект быў здадзены з апераджэннем да чарговай гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі.

2.1.jpg

 

“Сістэма не вырашае ніводнай мясцовай праблемы”

На пытанне, ці звыкліся ўжо астраўчане з фактам, што побач такая будоўля, Мікалай адказаў з горыччу, што ім, як і ўсім у краіне, абыякава:

“Мы на 99% саўкі і прызвычаіліся, што за нас вырашаюць, не пытаючы.

Праца, канешне, з’явіцца, але наўрадці для мясцовых. АЭС будуюць у асноўным вахтавікі і расіяне, мясцовых мала, таму сістэма не вырашае ніводнай мясцовай праблемы, у тым ліку праблемы занятасці: месцічы на будоўлі зарабляюць 3-4 мільёны беларускіх рублёў, вахтавікі — 7–8, а расіяне паўтары-два гады таму атрымлівалі 45–50”.

3.1.jpg

Што рабіць далей, трэба добра абдумаць, прычым не толькі ў Астраўцы, а ўсім тым, хто занепакоены сітуацыяй, і паставіць пытанне на належнае месца.

Ганна Валынецgreenbelarus.info

Фота dsae.by, www.zerkalotv.ru