Мошкі заядаюць вязняў: «Адчуванне, што наўмысна працягваюць здзекавацца з гэтых няшчасных зняволеных»
У Дэпартаменце выканання пакаранняў (ДВП) пра гэту праблему ведаюць, але разбірацца ўсё адно не спяшаюцца. Нават рэпеленты ў перадачах больш за два тыдні, як адмаўляюцца прымаць.
Пра жахлівую сітуацыю ў жаночай калоніі паведамлялася і раней, аднак цяпер дакладна вядома, што мошкі сталі сапраўдным кашмарам як мінімум у трох папраўчых калоній рэгіёна, піша гомельскае выданне «Шт*дзень».
Раней гаворка ішла толькі аб адной калоніі — Гомельскай жаночай №4, аднак гэта прабленма існуе і ў іншых месцах. Прычым нават рэпеленты вязням перадаваць па-ранейшаму забараняюць.
Нагадаем, у сярэдзіне траўня праваабаронцы казалі пра тое, што мошкі, якіх сёлета на Гомельшчыне праз вялікія паводкі напладзілася асабліва шмат, літаральна загрызаюць зняволеных жаночай папраўчай калоніі №4.
Шмат у каго з вязняў былі пухіры, сур’ёзныя алергічныя рэакцыі і вельмі моцны сверб. Пры гэтым перадаваць любыя ахоўныя сродкі ад машкары ў ПК забараняюць да гэтага часу.
«Мы, родныя зняволеных, ужо пісалі і лісты са скаргамі на гэтую машкару ў ДВП, але нічога да гэтага часу не змянілася. Гэтыя мошкі хутчэй самі падохнуць, пакуль дзесьці там у адміністрацыях дадумаюцца дазволіць прапускаць рэпеленты. Пакуль што адчуванне, што яны наўмысна працягваюць здзекавацца з гэтых няшчасных зняволеных», — распавядае ў сэрцах сваячка адной з жанчын, якая адбывае пакаранне ў Гомельскай ПК-4.
Пра тое, што ў ДВП аб гэтай жудаснай сітуацыі сапраўды ведаюць, ужо сёння сумнявацца дакладна не даводзіцца, бо днямі кіраўніцтва мазырскай ПК-20 адкрыта прызнала наяўнасць праблемы з машкарой і паведаміла, што Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС пастаўлены ў вядомасць і «праблема вырашаецца».
І гэта пры тым, што ПК-20 у Беларусі лічыцца адным з самых жорсткіх аб’ектаў пенітэнцыярнай сістэмы. Таксама ад родных зняволеных вядома, што акрамя гомельскай ПК-4 і мазырскай ПК-20 такая ж праблема з мошкамі зараз існуе ў жаночай ПК-24 для паўторна асуджаных (яна знаходзіцца ў вёсцы Зарэчча Рэчыцкага раёна) і Бабруйскай ПК-2, што на Магілёўшчыне.
Вядома, што прыкладна тыдзень таму ў некаторых з пералічаных калоній у крамах для атаваркі з’явіліся сродак абароны ад насякомых «Раптар».
Таксама ў якасці кампрамісу ў адной з калоній ужо пакусаным зняволеным дазволілі перадаваць загойваючы крэм «Бора-плюс» (нумар гэтай калоніі наўмысна не называцца з асцярогі, што пасля публікацыі праява такога жалю можа быць пакараная «зверху». – Рэд.). Але рэпеленты вязням перадаваць па-ранейшаму забараняюць паўсюль!