Мост на Нямізе цалкам разабралі
Рэшткі моста на Нямізе ў Мінску, які абваліўся ўначы 8 студзеня, цалкам разабралі. Паведамленне пра гэта і фотаздымак Нямігі без моста змясціла агенцтва «Мінск-Навіны».
“Мэрыя стрымала слова. Праблемны мост на Нямізе цалкам разабраны”, напісалі “Мінск-Навіны”. Пра тое, што разбор моста збіраюцца скончыць на працягу сутак, учора паведаміў агенцтву старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Дырэктар жа ДП "Гардарбуд" Сяргей Панеў распавёў тады, што “на аб'екце працуюць каля 40 чалавек”, а “дэмантаваць канструкцыі пуцеправода дапамагаюць каля 30 адзінак разнастайнай тэхнікі”.
— У бліжэйшы час разлічваем прыступіць да ўзвядзення новага пуцеправода. Самыя галоўныя крытэрыі — гэта даўгавечнасць і надзейнасць, — падкрэсліў Сяргей Панев. — Будзем выкарыстоўваць усе даступныя тэхналогіі, каб не пацярпела якасць работ.