Мітрапаліт Павел: Пытанне пра самакіраванне БПЦ у бліжэйшыя гады ўздымаць не будзем
Пытанне наконт самакіравання Беларускай праваслаўнай царквы ў бліжэйшыя 25–50 гадоў уздымацца не будзе, заявіў у вячэрнім эфіры тэлеканала АНТ 18 студзеня мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
«Я як епархіяльны архірэй, як экзарх, прыняў рашэнне гэтае пытанне зняць з парадку дня, — прыводзіць словы мітрапаліта БЕЛТА. — Карыстаючыся магчымасцю, усім хачу
сказаць, сябры, давайце больш не хвалявацца, абмяркоўваць гэтую тэму. Гэтае пытанне на няпэўны час трэба закрыць. Тэма здымаецца з парадку дня. У бліжэйшыя 25, а можа і 50 гадоў вяртацца, напэўна, не
будзем», — сказаў мітрапаліт Павел.
«Калі ўважліва вывучыць статут Беларускага экзархата, вы зразумееце, што ўсё, што неабходна для выратавання душы кожнага чалавека, у нас у экзархаце ёсць, — растлумачыў
патрыяршы экзарх. — Тут закладзена нават больш магчымасцяў, чым у самакіравальнай царквы».
Нагадаем, што яшчэ месяц таму на чарговым сходзе духавенства Мінскай мітраполіі, дзе было ўзнятае пытанне аб прадастаўленні самакіравання БПЦ, мітрапаліт Павел дэклараваў супрацьлеглае
меркаванне.
«Глядзіце, у Эстоніі два біскупа — самакіравальная царква, у Латвіі два біскупа — самакіравальная, у Малдове пяць біскупаў — самакіравальная, у нас 16
біскупаў — мы не самакіравальная. Недзе нават крыўдна становіцца, — гаварыў мітрапаліт, выступаючы на епархіяльным сходзе. — Так што я буду, напэўна, падымаць гэтае
пытанне. <...> Сёння Руская Праваслаўная Царква, якая знаходзіцца тэрытарыяльна ў межах Расійскай Федэрацыі гэта, самі разумееце, магутная царква, Украінская Праваслаўная Царква таксама
магутная царква, а трэцяй ідзе -— Беларуская! Таму, вядома, калі з вашага боку будзе падтрымка, пытанне гэтае будзем падымаць, калі з вашага боку будуць накіраваныя яшчэ і пажаданні, і
лісты, то будзем абмяркоўваць, тады будзем выносіць гэтае пытанне на рашэнне Сінода. Я прыхільнік таго, каб Беларуская Праваслаўная Царква была магутная, моцная, але, як вы самі разумееце, тут ніхто
з нас не збіраецца выходзіць з-пад амафора Рускай Праваслаўнай Царквы».
У завяршэнне сходу мітрапаліт Павел зноў пракаментаваў жаданне падняць гэтае пытанне перад РПЦ, «паколькі яно сапраўды хвалюе многіх, гэта не маё пытанне, не толькі мая заклапочанасць,
а вельмі многіх людзей — і святароў, і свецкіх, і кіраўнікоў дзяржаўных структур. Ну, вы ведаеце, тут, мабыць, выяўляецца такое вось педантычнае пачуццё,унутранае такое пачуццё годнасці
нашай царквы, нашай дзяржавы: суседзі атрымалі такі самакіраваны статус, а мы, царква вялікая -— не. То бок, гэта не спроба нейкая узурпаваць уладу, сабе нешта перахапіць, не, гэта годнае
імкненне заняць годнае месца ў іерархіі нашай царквы».
А вось яшчэ адна цытата з учорашняга інтэрв'ю ОНТ: «Павінен цалкам афіцыйна сказаць, што ўвесь гэты ажыятаж або шум, акрамя шкоды, аказваецца, нічога не прынёс. Гэта пажаданне
сходу Мінскай епархіі выклікала з боку вялікай колькасці людзей буру абурэння. Былі адабрэнне і падтрымка гэтага пажадання, але асноўная маса людзей была катэгарычна супраць».
Можна толькі здагадвацца, што стала прычынай такой метамарфозы ў пазіцыі патрыяршага экзарха. Хоць здагадка ляжыць не так ужо далёка ...