Мінздароўя: пацверджаныя 6 264 выпадкаў COVID-19, 51 чалавек памёр

Міністэрства аховы здароўя апрылюдніла ў сваім тэлеграф-канале поўную статыстыку наконт сітуацыі з каронавірусам у Беларусі. На гэтым тыдні пачынаецца таксама «ўкараненне экспрэс-тэстаў у амбулаторным і стацыянарным звяне».

77655.jpg


На раніцу суботы (18 красавіка) было зарэгістравана 518 новых выпадкаў, на раніцу нядзелі (19 красавіка) — 510, за апошнія суткі — 457.

Усяго, паводле дадзеных на панядзелак (20 красавіка), зарэгістравана 6 264 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19: у Брэсцкай вобласці — 185, Віцебскай — 1504, Гомельскай — 322, Гродзенскай — 176, Мінскай — 789, Магілёўскай — 265, Мінску — 3023.

Выпісаныя і вылечыліся — 514 чалавек. У асаблівай увазе спецыялістаў, у сувязі з цяжарам захворвання, маюць патрэбу 92 чалавекі.

Памёр 51 пацыент “з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй”, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

З пачатку лютага ў Беларусі праведзена 102 556 тэстаў на каронавірусную інфекцыю. Кругласуткава спецыялісты лабараторый, што адкрытыя як у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах ды ў цэнтрах гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, так і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах, праводзяць праверку тэстаў на COVID-19.

Міністэрства аховы здароўя таксама паведаміла, што на гэтым тыдні пачынаецца “ўкараненне экспрэс-тэстаў у амбулаторным і стацыянарным звяне”.