Мінздароўя адмовілася ад працы з пасярэднікамі на ПЦР-тэсты
У рэдакцыю TUT.BY звярнулася мінчанка Вольга, якая разам з сяброўкай запісалася на ПЦР-тэст праз пасярэдніка — гішпанскі COVID-цэнтр (covidcenter.by). Учора ўвечары ім прыйшло паведамленне: «Міністэрства аховы здароўя прыпыніла супрацоўніцтва з лабараторыяй. Ваш запіс адменены». У Міністэрстве аховы здароўя пракаментавалі, што адбылося.
7 чэрвеня Вольга з сяброўкай ляціць у Турцыю. Квіткі купілі самі, на тэст на каронавірус запісаліся праз іспанскі COVID-цэнтр (covidcenter.by).
— Паездку мы з сяброўкай арганізуем самі, таму яна займалася пытаннямі з ПЦР-тэстамі, а я — астатнім, — уводзіць у курс справы суразмоўца. — На аналіз яна нас запісала 25 траўня. Датэлефанавацца ў лабараторыі не атрымалася, таму яна скарысталася сайтам covidcenter.by.
Здаваць тэст, распавядае Вольга, яны павінны былі ў пятніцу, 4 чэрвеня.
— За адзін тэст з карты сяброўкі спісалі 98 рублёў 18 капеек (у кошт, напрыклад, уваходзіць разгляд замовы, дастаўка і г. д.), — паказвае скрыншот Вольга. — У панядзелак, 31 траўня, яна атрымала СМС ад іспанскага COVID-цэнтра. У ім напісана: «Міністэрства аховы здароўя прыпыніла супрацоўніцтва з лабараторыяй. Ваш запіс адменены. Грашовыя сродкі вернутыя. Прыносім прабачэнні».
Мы датэлефанаваліся ў call-цэнтр іспанскага COVID-цэнтра, там растлумачылі, што ПЦР-тэсты ў лабараторыі па ўказаным адрасе робяць. Аднак пры рэгістрацыі сяброўка Вольгі паказала, што з вынікам тэсту ёй патрэбны QR-код для прыкладання «Падарожнічаю без COVID-19».
— На дадзены момант гэтая лабараторыя не можа даць QR-код. З-за таго, што мы не можам даць паслугу ў поўным аб’ёме, мы былі вымушаныя адмяніць запіс і зрабіць поўнае вяртанне сродкаў на працягу сямі дзён, — растлумачылі ў call-цэнтры. —- Калі наяўнасць QR-кода для вас не з’яўляецца крытычнай, то можаце напісаць на нашу пошту (таму што да нас складана датэлефанавацца), мы зробім пазнаку, каб запіс не адмянялі. Тады можна прыходзіць на здачу.
У Міністэрстве аховы здароўя пракаментавалі сітуацыю са спыненнем працы пасярэдніцкіх арганізацый у правядзенні тэстаў.
— У сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян па пытаннях значнага перавышэння кошту ПЦР-даследавання на наяўнасць SARS-CoV-2 у візавых цэнтрах-пасярэдніках, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне арганізаваць аказанне дадзеных паслуг непасрэдна ў арганізацыях аховы здароўя. Спіс устаноў аховы здароўя, якія могуць праводзіць ПЦР-даследаванні на наяўнасць SARS-CoV-2 для выезду за мяжу, значна пашыраны за кошт лабараторый арганізацый аховы здароўя. Абноўлены пералік будзе прадстаўлены на афіцыйным сайце ведамства ў бліжэйшыя дні. Адзначым, што для ўрэгулявання пытання з тымі грамадзянамі, якія ўжо зарэгістраваліся на даследаванне, Міністэрства аховы здароўя запатрабавала ў візавых цэнтрах сфармаваныя на 24 траўня спісы грамадзян.