Мінздароўя абвясціла трэцюю хвалю каронавіруса
«У нас у краіне пачынаецца чарговы ўздым захворвання інфекцыяй — мы гэта называем пачаткам трэцяй хвалі», — паведаміла журналістам начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мінздароўя Іна Карабан.
Раней Мінздароўя паведаміла, што спецыялісты ў рэгіёнах і Мінску канстатуюць рост захворвання на кавід, у тым ліку на пнеўманіі каронавіруснай этыялогіі цяжкага працякання. Частата выяўлення РНК віруса SARS-CoV-2 (ПЛР) у доследных узорах за 14 тыдняў 2021 года склала 11,9%, піша «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал Мінздароўя.
Ва ўсіх рэгіёнах краіны ўзмоцняць кантроль за выкананнем супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў.
Ігнараваць рэкамендацыі дактароў па захаванні масачнага рэжыму і фізічнага дыстанцыявання — не варта, падкрэсліваюць у ведамстве.
Па стане на 12 красавіка колькасць прышчэпленых адной дозай вакцыны склала — 129 899 чалавек, двума дозамі — 41 688 чалавек.
Мінздароўя таксама нагадвае, што калі вы адчулі значнае пагаршэнне свайго фізічнага стану, у тым ліку павышэнне тэмпературы, кашаль, галаўны боль, не адчуваеце смаку ці паху, то варта звярнуцца ў паліклініку або выклікаць брыгаду хуткай дапамогі.
Паводле звестак Мінздароўя, колькасць зарэгістраваных выпадкаў каронавіруса за дзень з пачатку красавіка складала:
1 красавіка — 1236;
2 красавіка — 1651;
3 красавіка — 1371;
4 красавіка — 1239;
5 красавіка — 986;
6 красавіка — 968;
7 красавіка — 1278;
8 красавіка — 1272;
9 красавіка — 1622;
10 красавіка — 1471;
11 красавіка — 1175;
12 красавіка — 843.
У сакавіку максімальны паказчык быў 5 сакавіка — 1482, з пачатку года — 13 студзеня (1972).