Мінус 40 сёлета не плануецца
А на Новы год — увогуле каля 0. Айчынныя спецыялісты прагназуюць, што гэтая зіма будзе халаднейшай за папярэднюю, якая была анамальна цёплай, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.
Паводле доўгатэрміновых прагнозаў беларускіх сіноптыкаў, тэмпература паветра ў снежні будзе адпавядаць кліматычнай норме, характэрнай для першага месяца зімы (мінус 5–7 градусаў). Разам з тым для снежня, які лічыцца пераходным перыядам, будзе характэрны няўстойлівы характар надвор’я. Калі на працягу мінулага тыдня тэрыторыя Беларусі была пад уплывам халодных антыцыклонаў, якія абумовілі марознае надвор’е, то ўжо на выхадныя і далей чакаецца пацяпленне і стане больш вільготна, удакладніў гэты прагноз наш эксперт.
Дзмітрый Рабаў упэўнены, што і ў студзені тэмпература таксама будзе трымацца ў межах кліматычнай нормы. Падобнай можна назваць сітуацыю і з лютым, аднак існуе адно адрозненне: у паўднёвых раёнах сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца недзе на 0,1–0,5 градуса ніжэйшай за кліматычную норму.
Не раіць спадар Рабаў верыць усім сінаптычным прагнозам на зіму, якія прапануюцца спажыўцам у пачатку восені так званымі «прафесарамі ад інтэрнэту». Насамрэч казаць пра ўсталяванне анамальна нізкіх тэмператур у зімовы перыяд 2014–2015 гадоў не прыходзіцца. Штогод тэмпература паветра апускаецца да мінус 20–30 градусаў, асабліва гэта характэрна для студзеня. Такія тэмпературы магчымыя і сёлета, лічыць Дзмітрый Рабаў. А вось гаварыць, наколькі снежнай будзе наша зіма, увогуле нельга. Бо для таго, каб выпала вельмі шмат снегу, дастаткова ўсяго аднаго сур’ёзнага цыклону.
На поўначы падмарозіць, а ў Мінску — пад нагамі каша
Ужо традыцыйна начальнік службы паспрабаваў зрабіць папярэдні прагноз на галоўнае свята года. Такім чынам, у навагоднюю ноч тэмпература паветра па краіне з верагоднасцю ў 70% складзе ад мінус 4–5 градусаў па паўночным усходзе да плюс 1–2 градусаў па захадзе краіны. У Мінску ў гэтую ноч чакаецца мінус 1–3 градусы, а ўдзень — каля 0. У цэлым на тэрыторыі Беларусі прагназуюцца невялікія ападкі ў выглядзе снегу і мокрага снегу, удакладніў спецыяліст. Не зусім зразумела пакуль і са снегам на святы. Усё будзе залежаць ад таго, колькі яго выпадзе напярэдадні. Разам з тым у сталіцы якаснага снегу ў першыя дні студзеня мы яўна не ўбачым. Пры нулявой тэмпературы любы снег у межах вялікага горада ператвараецца ў шэрую кашу.
Чакаем рэкордаў з «плюсам»?
Нагадаем, што ў Беларусі самай халоднай, па выніках метэаралагічных назіранняў, лічыцца зіма 1939–1940 гадоў, калі на метэастанцыі Талачын тэмпература паветра склала мінус 42,2 градуса. Аднак паўтарэння падобных маразоў у гэтым зімовым сезоне нашы спецыялісты не чакаюць. Гэта тлумачыцца тым, што ўжо больш за 20 гадоў на планеце назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя глабальнага пацяплення.
Адзначым некалькі фактаў і па снежні. Абсалютны мінімум тэмпературы паветра (мінус 38,6 градуса) быў зафіксаваны на метыястанцыі Езярышча менавіта 31 снежня 1978 года. А цяплей за ўсё ў першы месяц зімы было ў Брэсце 5 снежня 1961 года. Пры тэмпературы паветра плюс 14,5 градуса тады на захадзе Беларусі стаяла амаль вясна.
Сяргей Куркач, zviazda.by