Мінус 482. Як скарачалася колькасць беларускамоўных школаў
За шэсць гадоў колькасць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, зменшылася на 5,5%, а школаў, дзе навучанне вядзецца па-беларуску, стала менш на 482, паведамляе «Свабода».
Тэлеграм-канал «Злой Минобр» прааналізаваў, як скарачалася колькасць вучняў, якія вучацца на беларускай мове, і колькасць школаў, дзе вучацца па-беларуску. Гэтыя звесткі, як даведалася Свабода, змешчаныя ў зборніку «Установы агульнай сярэдняй адукацыі», надрукаваным Міністэрствам адукацыі.
У зборніку звесткі з 2012 па 2018 год. Калі ў 2012 годзе школаў з беларускай мовай навучання было 1764 (з рускай — 1660), то праз шэсць гадоў школаў з беларускай мовай навучання стала 1282 (з рускай — 1527).
У сельскай мясцовасці школаў з беларускай мовай навучання 1207. Такім чынам, ва ўсіх беларускіх гарадах толькі 75 школьных установаў з беларускай мовай навучання.
Скарачаецца і колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску. Калі ў 2012 годзе па-беларуску вучыліся 16,6% усіх школьнікаў, то ў 2018-м — 11,1%. Пры гэтым у вёсках па-беларуску вучацца 58,3% вучняў, а ў гарадах — толькі 1,3%.
Найбольш беларускамоўных школьнікаў у Мінскай вобласці — 20,2%. Але ў Мінску па-беларуску вучацца толькі 2% вучняў.
У Мінску, дарэчы, школаў з беларускай мовай навучання стала болей: у 2012 годзе іх было 15, у 2018 стала 16 (у некаторых толькі частка класаў беларускамоўныя). Але агулам у Менску па-беларуску займаюцца толькі 2% вучняў.
«Сітуацыя яшчэ горшая»
Але нават гэтая статыстыка не паказвае рэальнай сітуацыі, мяркуе Тамара Мацкевіч, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы.
«Сітуацыя сумная, і яна яшчэ горшая, бо ў статыстычных зборніках пазначаюцца фармальна беларускія школы. Але частка з іх парушаюць свой статут і пераходзяць на рускую мову, то бо іх яшчэ менш. Так адбываецца, бо рашэнні прымаюць без уліку меркавання бацькоў і настаўнікаў. Не зважаючы на перспектывы пабудовы незалежнай краіны», — разважае Тамара Мацкевіч.
Паводле яе, ствараюцца перашкоды на шляху да адкрыцця беларускіх клясаў і школаў.
«Штогод у Таварыства звяртаюцца людзі, якія не могуць дамагчыся адкрыцця ані беларускіх класаў, ані беларускай школы. У Кодэксе аб адукацыі не апісаны механізм гэтага адкрыцця, гэтага не прадугледжваюць падзаконныя акты. Рашэнне прымаюць мясцовыя органы ўлады. Без тлумачэнняў», — дадае Тамара Мацкевіч.
«Няма попыту на беларускую мову ў школе»
У міністэрстве адукацыі бачаць праблему ў нежаданні бацькоў вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, бо міністэрства вітае адкрыццё беларускамоўных класаў, кажа прэс-сакратар міністэрства Надзея Высоцкая.
«Мы вітаем адкрыццё класаў у рускамоўных школах, няма ахвочых. Вядома, колькасць школаў з беларускай мовай змяншаецца. У гарадах гэтага менш, на вёсцы яны яшчэ захоўваюцца. Сёння не кожныя бацькі валодаюць беларускай мовай, пытанне ў гэтым. Няма перадумоваў, каб міністэрства адукацыі закрывала беларускамоўныя школы. Асноўная прычына — мала ахвочых, таму падае статыстыка», — кажа Надзея Высоцкая.
І дадае, што калі да дырэктара школы прыходзяць з заявай аб адкрыцці беларускамоўнага класы, ён мусіць адкрыць.
Пры гэтым рашэнне аб адкрыцці такіх школаў ці клясаў прымаюць мясцовыя органы ўлады, а не міністэрства адукацыі.
Летась на Камянеччыне вырашылі закрыць адзіную школу ў раёне, дзе навучанне вядзецца па-беларуску. Супраць публічна паўсталі настаўнікі і бацькі вучняў. У выніку школу ўзяло пад кантроль Міністэрства адукацыі, і закрываць яе пакуль не плануюць. Але канчатковы адказ усё адно за раённымі ўладамі.