Мінскія камунальнікі зладзілі фіктыўнае ўсталяванне платформаў для інвалідаў

Дзвюх службовых асобаў КУП «ЖКГ №1 Маскоўскага раёна Мінска» затрымалі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, паведамляе прэс-служба МУС. Пракуратура гэтага ж раёна па матэрыялах АБЭЗ пачала крымінальную справу на іх. Іх падазраюць у перавышэнні паўнамоцтваў.

kryminal.jpg

Па звестках міліцыі, зламыснікі дамовіліся з камерцыйнай фірмай правесці фіктыўную закупку пад'ёмных платформаў для людзей з інваліднасцю і ўсталяванне іх у пад'ездах жылых дамоў. Камунальнікі былі зацікаўленыя ў гэтай працэдуры, бо ім пагражала матэрыяльная і дысцыплінарная адказнасць за невыкананне дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і спрыянні занятасці насельніцтва.
Праваахоўнікі кажуць, што службовыя асобы не абмяркоўвалі з падрадчыкам тэрміны абсталявання пад'ездаў пад'ёмнымі платформамі. І ўвогуле мантаж платформаў не праводзіўся, а бюджэтныя грошы былі растрачаныя.
«Кіраўнікі падпісалі ліпавыя накладныя пра пастаўленыя фірмай пад'ёмныя платформы, а таксама фіктыўныя акты выкананых работ. Гэтыя дакументы яны накіравалі ва ўпраўленне дзяржаўнага казначэйства Міністэрства фінансаў па Мінску. У выніку на рахунак бізнесмена было пералічана больш за 120 тыс. рублёў. Гэта прычыніла дзяржаве шкоду ў буйным памеры», — адзначае старшы інспектар па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмецьева.
На камунальнікаў пачалі крымінальную справу за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.
Паводле Еўрарадыё