У Мінску бясплатна здаюць пад малы бізнес дзясяткі памяшканняў
У Мінску больш за 70 аб'ектаў прапануюцца бізнесу з нулявой стаўкай арэнды. Бясплатна здаюць памяшканні на першых і цокальных паверхах жылых дамоў. Усе яны патрабуюць рамонту. Асноўная ўмова іх бясплатнай арэнды — стварыць там рабочыя месцы.
Інфармацыя пра тое, што можна зняць памяшканне пад бізнес бясплатна, з'явілася на сайце Мінгарвыканкама восенню мінулага года. Як высветлілася, нават бясплатнае так і не расхапалі.
— Памяшканні можна выкарыстоўваць пад трэнажорныя залы (моладзь прыходзіць з такой прапановай), складскія памяшканні, офісы, — тлумачыць realty.tut.by дырэктар фонду «Мінскгармаёмасць» Галіна Сцяпурэнка. — Патэнцыйны арандатар павінен прадставіць бізнес-план з разлікамі, колькі ён укладзе грошай і калі іх зможа адбіць. На аснове гэтага бізнес-плана вылічваецца, на які час ён вызваляецца ад аплаты арэнды. Гэта можа быць і тры гады, і пяць і сем.
Калі гэты тэрмін скончыцца, у арандатара будзе права прыярытэтнага падаўжэння дамовы арэнды без аўкцыёну — як у добрасумленнага арандатара.
Прадстаўнікі «Мінскгармаёмасці» запэўніваюць, што арэнда будзе ажыццяўляцца па самых нізкіх стаўках, устаноўленых заканадаўча. «Ніхто не будзе прымушаць кампенсаваць уласны рамонт. Няма тут падвоху!».
Пры гэтым яны пагаджаюцца, што людзей, якія называюць гэтую прапанову «заманухой», шмат. Таму здаць за чатыры месяцы атрымалася толькі некалькі памяшканняў з спісу.
Дарэчы, прадстаўнікі «Мінскгармаёмасці» падкрэслілі, што самым вялікім попытам карыстаюцца памяшканні, якія можна выкарыстоўваць як гандлёвы аб'ект або цырульню.