У Мінску загадалі прыбраць з лепшых паліц у крамах тавары тых краін, якія ўвялі санкцыі супраць Беларусі
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў падчас выязнога пашыранага пасяджэння прэзідыума Савета Рэспублікі абурыўся, што тавары з краін, якія ўвялі супраць Беларусі санкцыі, стаяць у беларускіх сеткавых крамах на найлепшых паліцах. Яго словы прыводзіць sb.by.
Кіраўнік сталічнага гарвыканкама паведаміў, што 27 ліпеня
была праведзена сур'ёзная і жорсткая нарада з прадстаўнікамі гандлёвых сетак,
якія працуюць у Мінску:
— І мы адкрыта ім паставілі пытанне: што адбываецца? Сёння
шэраг краін увялі супраць нас санкцыі — Украіна, Літва, Польшча, — а іх тавары
(цукеркі, здоба, гарбата, пячэнне) стаяць у крамах на найлепшых паліцах! Пры
гэтым айчынныя трэба яшчэ пашукаць. Таму мы жорстка паставілі перад сеткамі
пытанне: ці сітуацыя мяняецца, ці мы будзем са свайго боку прымаць меры.
Прычым, мяркую, такое рашэнне варта прымаць на ўзроўні ўсёй краіны.
Было агучана патрабаванне, каб на першым плане ў выкладцы
тавараў была беларуская прадукцыя, але яно на гэты дзень гандлёвымі сеткамі не
выканана.
Паводле «Нашай Нівы».