Мінпрыроды супраць далучэння Беларусі да канвенцый па абароне жывёлаў

БНФ «Адраджэньне» атрымала адказ ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на зварот з прапановай далучыць Беларусь да еўрапейскіх канвенцый па абароне жывёлаў, якія распрацаваныя ў межах Савета Еўропы.

wolf_142173_1280.jpg


Падпісанне міжнародных дамоваў па абароне жывёлаў магло бы быць выйсцем з таго тупіка, які ўтварыўся ў спробах урэгуляваць абарону жывёлаў на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства: адпаведны закон не могуць прыняць вось ўжо хутка дваццаць гадоў (праца пачалася ў 2001 годзе, а ўжо сёлета, у 2018 годзе, закон у чарговы раз адправілі на дапрацоўку).
У сваім адказе Мінпрыроды прызнае, што ўжо падпісаныя Рэспублікай Беларусь міжнародныя канвенцыі пра абарону жывёлаў маюць вялікі пазытыўны ўплыў. Згодна з пастановай ураду ад 21 лістапада 2017 года, Мінпрыроды нясе адказнасць за супрацу з міжнароднай супольнасцю па лініі гэтых дамоваў.
Але пры гэтым Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя лічыць, што прадметам дзейнасці гэтага органа з'яўляецца толькі і выключна ахова дзікіх жывёлаў, а пытанні абыходжання з хатнімі, сельскагападарчымі, а таксама безнагляднымі жывёламі датычаць кампетэнцыі іншых міністэрстваў. Мінпрыроды спасылаецца на тое, што гэтыя пытанні будуць урэгуляваныя будучым законам “Аб абыходжанні з жывёламі”, а таксама паведамляе, што Мінжылкамунгасу прапанавана працягнуць працу па дапрацоўцы законапраекта з улікам меркаванняў усіх зацікаўленых дзяржаўных органаў.
Адказ Мінпрыроды каментуе намеснік старшыні Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салошкін, за чыім подпісам быў накіраваны зварот месяц таму:
Шкада, што Мінпрыроды не адносіць да сферы сваёй кампетэнцыі абарону ўсіх жывёлаў, а не толькі дзікіх. Падобна што цяпер у Беларусі папросту няма дзяржаўнага органа, які быў бы гатовы ўзяць на сабе адказнасць за выпрацоўку дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне.
Мы, канешне, будзем яшчэ чакаць адказу і ад іншых міністэрстваў, куды мы накіравалі звароты (МЗС, Мінжылкамунгас). Але пакуль можна канстатаваць, што Мінпрыроды вырашыла самаўхіліцца ад варыянта, які дазволіў бы Беларусі выйсці з тупіка, у якім апынулася справа з распрацоўкай закона “Аб абыходжанні з жывёламі”. Гэтаму законапраекту ўжо хутка дваццаць гадоў – і відавочна, што згоды вакол яго дасягнуць не атрымаецца. Нават калі яго нарэшце прымуць – то выніковы варыянт амаль нікога не задаволіць. Дык можа замест таго каб прымаць усеабдымны акт, можна было б урэгуляваць тыя пытанні, якія не выклікаюць пярэчанняў, шляхам далучэння да агульнапрынятых еўрапейскіх нормаў?
Пяць гадоў таму ў справе абароны жывёлаў быў моцны прарыў: дзякуючы намаганням грамадскасці, прэсы, актывістаў грамадзянскай супольнасці (у тым ліку актывістаў ды экспэртаў БНФ) была ўведзеная крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі, а права складаць пратаколы за адміністратыўныя правапарушэнні ў гэтай сферы было нададзенае міліцыі. Тады гэта быў наш агульны поспех – і вяліку ролю ў той справе адыграла пазіцыя МЗС. Спадзяюся, беларускае замежнапалітычнае ведамства будзе здольнае і цяпер адыграць больш актыўную ролю ў далучэнні Беларусі да еўрапэйскіх канвенцыяў па абароне жывёлаў – як выглядае, на дадзены момант у Беларусі папросту адсутнічае дзяржаўны орган, які кампетэнтны ўзяць на сабе ролю па выпрацоўцы дзяржаўнай палітыкі па абароне жывёлаў, што не належаць да дзікай фаўны.
Паводле narodny.org