Мінінфармацыі Беларусі рыхтуецца заблакаваць TUT.BY?
Міністэрства інфармацыі Беларусі разглядае шэраг матэрыялаў, якія размешчаныя на пазбаўленым ліцэнзіі СМІ інтэрнэт-рэсурсе TUT.BY, для дачы прававой ацэнкі, паведаміў сёння кіраўнік ведамства Ігар Луцкі.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра «парушэнні артыкула 38 Закона аб СМІ (інфармацыя, распаўсюджванне якой у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забаронена), а таксама аб размяшчэнні недакладнай інфармацыі, здольнай нанесці шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам».
Гэта стандартная фармулёўка, якую Мінінфарм выкарыстоўвае для блакавання незалежных інтэрнэт медыя, перадае АФН.
«На сённяшні дзень Мінінфарм працягвае маніторыць інфармацыйную прастору Беларусі, і пры парушэнні заканадаўства аб СМІ і іншых законаў Беларусі неадкладна будуць выносіцца альбо папярэджанні, альбо патрабаванні аб выдаленні недакладнай інфармацыі, альбо прымацца рашэнні аб спыненні дзейнасці, альбо распаўсюджвання такой інфармацыі шляхам блакавання», — заявіў міністр.
АФН, дарэчы, нагадвае, што інтэрнэт-сайт afn.by застаецца заблакаваным па неаднаразовых рашэннях Мінінфарма Беларусі з 8 жніўня 2020 года. Але доступ да рэсурсу з Беларусі магчымы праз vpn або люстэркі afnfn.com ці afn.today. Так што спроба заблакаваць TUT.BY, верагодна, будзе мець такія ж вынікі — стварэнне «люстэркаў» з падобнай назвай.