Цяпер канчаткова: папулярны партал TUT.BY пазбаўлены статусу СМІ
Эканамічны суд Мінска адхіліў скаргу ТАА «ТУТ БАЙ Медыя» на рашэнне пазбавіць TUT.BY статусу СМІ. З 19 студзеня яно афіцыйна ўступае ў сілу.
19 студзеня Эканамічны суд Мінска разгледзеў апеляцыю ТАА «ТУТ БАЙ медыя», якое было не згодна з пастановай пазбавіць TUT.BY
статусу СМІ. Суд разгледзеў скаргу, але не знайшоў падстаў для адмены
пастановы. З 19 студзеня 2021 года яно афіцыйна ўступае ў сілу. TUT.BY пазбаўляецца
статусу СМІ.
Нагадаем, з 7 жніўня 2020 года TUT.BY атрымаў чатыры папярэджанні па матэрыялах «У сем разоў больш выбаршчыкаў і «таемныя» пратаколы. Якія парушэнні ўбачылі назіральнікі і што сказаў ЦВК?», «Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах», «Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках» і «Беларуская мытня папрасіла пацвердзіць, што ў Гары Потэра «няма заклікаў да звяржэння ўлады».
Пасля абскарджання TUT.BY у Вярхоўным судзе
вынесеных папярэджанняў адно з іх было прызнана несапраўдным.
Пазбаўленне выдання статусу СМІ магчыма пасля двух і больш
пісьмовых папярэджанняў на працягу аднаго года.
18 верасня Міністэрства інфармацыі звярнулася ў суд з
пазовам аб спыненні выпуску сеткавага выдання TUT.BY. З 1 кастрычніка загадам
міністра інфармацыі Ігара Луцкага дзеянне гэтага статусу для TUT.BY прыпынена
да 30 снежня 2020 года.
3 снежня Эканамічны суд Мінска прыняў рашэнне пазбавіць
TUT.BY статусу СМІ. Пасля адхілення скаргі яно афіцыйна ўступіла ў сілу з 19
студзеня.
Як цяпер будзе працаваць партал?
Магчымасць рэгістравацца як СМІ ў беларускіх
інтэрнэт-рэсурсаў з'явілася ў канцы 2018 года, да гэтага сайты і парталы краіны
працавалі без гэтага статусу. Рэгістрацыя не абавязковая, а добраахвотная.
Многія сайты краіны не праходзілі гэтую працэдуру і паспяхова працуюць. TUT.BY
быў зарэгістраваны як СМІ толькі ў студзені 2019 года.
Зараз TUT.BY працягвае працаваць як інтэрнэт-рэсурс без
статусу СМІ. Паводле закона, уладальнік інтэрнэт-рэсурсу мае права збіраць,
атрымліваць, перадаваць і распаўсюджваць інфармацыю любым спосабам у
адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, выкладаць на інтэрнэт-рэсурсе
асабістыя меркаванні і ацэнкі з указаннем уласнага імя або псеўданіма.
Гэта значыць, TUT.BY працягне на законных падставах асвятляць
тое, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце.