Міліцыянты затрымалі Аляксея Шчадрова і збівалі яго ўсю ноч
Аляксея Шчадрова, былога медыка, які адкрыў прытулак для бяздомных пад Шчучынам, усю ноч дапытвалі і збівалі міліцыянты, піша Белсат. Той прызнаўся, каб яны спыніліся.
31 студзеня Аляксей Шчадроў, вядомы таксама як брат Луіджы, паехаў у шпіталь Шчучынскага раёну, каб вырваць зуб. Пасля таго, як ён вярнуўся дахаты, да яго завіталі міліцыянты.
«Мяне абвінавацілі ў тым, што ў шпіталі я нібыта забраў кашалёк з трэцяга паверху хірургіі. Міліцыянты пабачылі на камерах назірання, што я, раней судзімы, быў у той час у шпіталі – і забралі мяне», – распавядае «Белсату» Аляксей Шчадроў.
Наступныя суткі Аляксей Шчадроў правёў у міліцыі, дзе яго збівалі, дапытвалі і зноў збівалі.
«Двое старэйшыя лейтэнанты сказалі, што праколюць мне вушы і пачалі шчоўкаць стэплерам каля галавы. Іншы старшына запытаўся, колькі ўдараў дручком я вытрымаю – і пачаў біць мяне па плячах і па руках», – распавядае Шчадроў.
Міліцыянты папярэдзілі мужчыну, што калі ён не прызнаецца, яны будуць біць яго ўсю ноч.
«Я не спаў усю ноч. І ўсю ноч яны білі мяне па галаве і па плячах. Каб яны спыніліся, я сказаў, што гэта я скраў кашалёк, але выкінуў яго. Калі мы паехалі ў месца, дзе я яго «выкінуў», гаманца там не было. Потым паехалі ў іншае месца – і там таксама не было. Калі раніцай прыйшлі аператыўнікі, сталі разбірацца ды паглядзелі ўсе камеры назірання, яны зразумелі, што нешта не складваецца», – прагцявае ён.
Пасля таго, як аператыўнікі пабачылі на запісах відэаназірання, што Шчадроў не заходзіў на той паверх, дзе знік гаманец, яго адпусцілі. Дахаты ён вярнуўся ўвечары пятніцы.
Аляксею Шчадрову – 33 гады. У маладосці ён працаваў фельчарам «хуткай дапамогі». Маючы доступ да лекаў, ён пачаў гандляваць прэпаратамі, якія прадаюцца ў аптэках па рэцэпту. За гандаль наркотыкамі ён адседзеў тры гады.
«За ўсе свае злачынствы я расплаціўся», – кажа Шчадроў.
Сем гадоў таму, пасля вызвалення, мужчына набыў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну хату, дзе зарганізаваў прытулак, у якім даглядае бяздомных людзей, дапамагае ім аднавіць дакументы і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця.
Шчадрову не дапамагаюць ані Царква, ані Касцёл, прытулак не мае афіцыйнай рэгістрацыі – і не даспадобы ўладам. Мясцовыя чыноўнікі не раз прымушалі Шчадрова зачыніць асяродак, пазалетась супрацоўнікі КДБ зладзілі ў прытулку ператрус.
«Улада, якая не ў стане дапамагчы, яны топчуць гэтую асобу, гатовыя расцерці. То бок: «мы не дапамагаем, і ты не будзеш дапамагаць», – распавядаў нашаму каналу адзін з бяздомнікаў, які жыў у Шчадрова.
Грашыма і адзеннем прытулку дапамагаюць прыватныя асобы, а таксама сябры партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
У 2015-м на фестывалі «Лістапад» фільм «Белсату» «Госці» пра Аляксея Шчадрова прызналі найлепшай стужкай у конкурсе дакументальнага кіно.