Мікола Дзядок: Пятую частку жыцця я правёў у няволі
Такія сумныя падлікі з’явіліся на старонцы Міколы Дзядка ў фэйсбуку. Аднак палітвязень і журналіст Новага Часу не лічыць гэтыя гады страчанымі.
«Нядаўна падлічыў, што ў мяне набегла сумарна ўжо 6,5 гадоў у няволі. Гэта 1/5 усяго жыцця.
Многія чамусьці лічаць, што гады ў турме — гэта "страчаныя гады", "упушчаны час" і г. д. Паклаўшы руку на сэрца, я наогул не лічу гэтыя гады для сябе страчанымі. Яшчэ на першым тэрміне я вырашыў ніводнага дня ў няволі не праводзіць марна. І гэта не абавязкова вучоба і трэніроўкі. Разважанні, медытацыі, мары — усё гэта таксама ідзе на карысць, калі жывеш свядома.
Хай не заўсёды маё жыццё камфортнае, але яна заўсёды напоўненае сэнсам», — напісаў палітвязень.
Нагадаем, першы сур’ёзны тэрмін Мікола Дзядок атрымаў па так званай “Справе анархістаў”. Спачатку, праўда, актывіста затрымалі 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага па справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі» ў ноч на 31 жніўня ў Мінску. Не выпусціўшы на волю ды не сабраўшы дастатковай колькасці доказаў, якія б пацвярджалі датычнасць Дзядка да справы, супрацоўнікі МУС працягнулі яму тэрмін утрымання ў ІЧУ — аднак ужо па іншай справе, «Аб нападзе на Дом прафсаюзаў». Паколькі доказаў удзелу Дзядка і ў гэтым не было знойдзена, Мікола адразу ж стаў падазраваным па справе «аб нападзе на аддзяленне «Беларусбанку». Пазней Міколу пачалі прыпісваць іншыя супрацьпраўныя дзеянні, у прыватнасці, крадзяжы і хуліганства. 24 верасня 2010 года — адбыўшы больш за 20 сутак пад арыштам, — Мікола Дзядок быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генштабу Беларусі, і 1 кастрычніка яму было прад’яўленае абвінавачанне паводле арт. 339 ч. 2 — «хуліганства».
27 траўня 2011 года Заводскі суд Мінска асудзіў Дзядка на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праходзіў ён па так званай «Справе анархістаў» разам з Ігарам Аліневічам (быў асуджаны на 8 гадоў) і Аляксандрам Францкевічам (асуджаны на 3 гады).
На судзе Мікола сваёй віны не прызнаў, і пазней у калоніі таксама адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні.
26 лютага 2015 года, за пяць дзён да заканчэння тэрміну, суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў Дзядка паводле 411 арт. Крымінальнага кодэкса за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму.
22 жніўня 2015 года Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў — Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Міколу Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова. У паведамленні адзначалася, што рашэнне пра іх памілаванне прынятае паводле «прынцыпу гуманізму».
Другі сур’ёзны тэрмін Міколу прысудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 года. 12 лістапада 2020-га Дзядок быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Падчас затрымана Мікола быў моцна збіты. У сакавіку 2021 года Следчы камітэт распачаў у дачыненні да палітвязня новыя крымінальныя справы аб закліку да захопу ўлады і незаконных дзеяннях у дачыненні да гаручых рэчываў.
Дзядка судзілі ў Мінскім гарадскім судзе і пакаралі 5 гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму
Дасылаць лісты Міколу можна на адрас: 230023, г. Гродна, вул. Турма № 1, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу
А паколькі рэдкія лісты прабіваюцца цяпер да Міколы, фота сваіх лістоў можаце дасылаць у тэлеграм-бот @ListyMikole_Bot або на пошту lettersformikola@gmail.com