Міклаш Харасці: «Крывавая рэальнасць судовай сістэмы Беларусі — пляма на мапе Еўропы»

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці заявіў, што нядаўнія расстрэлы ў Беларусі, інфармацыя пра якія пацвердзілася на мінулым тыдні, яшчэ раз дэманструюць упартае ігнараванне правоў чалавека ў краіне.

33842e33_e223_473e_af18_6d930b0e7072_cx20_cy4_cw80_mw1024_s_n_r1.jpg


“Я рашуча асуджаю нядаўняе пакаранне смерцю Сяргея Хмялеўскага, Івана Куляша і Генадзя Якавіцкага”, — сказаў Міклаш Харасці. “Гэтыя тры расстрэлы яшчэ раз сведчаць пра абуральную непавагу беларускіх уладаў да права на жыццё, а таксама іх упартую адмову ад супрацоўніцтва з міжнароднай сістэмай правоў чалавека”.

Эксперт патлумачыў, што справы Хмялеўскага і Якавіцкага знаходзяцца на разглядзе Камітэта па правах чалавека ААН, які надзелены функцыяй кантролю за выкананнем Беларуссю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. З’яўляючыся ўдзельнікам Пакта, Беларусь абавязаная не спяшацца і адказваць на меркаванні Камітэта.

“Я ўстрывожаны адкрытым выклікам міжнародным працэдурам у галіне правоў чалавека з боку судовага апарату Беларусі. Разам з гэтымі пакараннямі агульная колькасць расстрэлаў вырасла да чатырох з пачатку года”, — сказаў дакладчык, узгадваючы справу Сяргея Іванова, які быў пакараны смерцю ў пачатку 2016 года, нягледзячы на тое, што яго справа таксама знаходзілася на разглядзе Камітэта па правах чалавека.

“Гэтыя тры расстрэлы адбыліся ўсяго праз некалькі дзён пасля таго, як на Трэцім камітэце Генеральнай Асамблеі ААН урад устрымаўся ў час галасавання па рэзалюцыі аб глабальным мараторыі на смяротнае пакаранне, што многімі краінамі на кантыненце і за яго межамі было расцэнена як перспектыўны крок”, — сказаў сп. Харасці.

“Праз некалькі тыдняў, беларускі ўрад будзе таксама выступаць адным з арганізатараў міжнароднага мерапрыемства, якое мае на мэце “вывучэнне” пытання аб адмене смяротнага пакарання”, — адзначыў ён. “Некалькі разоў на працягу многіх гадоў улады паўтараюць гэтую спрэчную практыку, у той час як расстрэлы па-ранейшаму працягваюцца”.

Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая прымяняе смяротнае пакаранне, што не дазваляе краіне стаць сябрам Савета Еўропы.


“Я па-ранейшаму вельмі занепакоены лёсам тых, хто знаходзіцца ў камеры смяротнікаў у Беларусі. Я яшчэ раз заклікаю беларускія ўлады як мага хутчэй абвясціць мараторый на смяротнае пакаранне”, — сказаў спецыяльны дакладчык. “У гэты час прэзідэнт мог бы выкарыстаць сваю ўладу, каб замяніць смяротныя прысуды пажыццёвым зняволеннем, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй”.


spring96.org