«Матчын рух 328» звярнуўся ў прадстаўніцтва Еўрасаюза

Старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнню сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар звярнулася ў прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі з адмысловым лістом.

"Матчын рух 328". Фота з сайта www.racyja.com

"Матчын рух 328". Фота з сайта www.racyja.com


У сваім звароце грамадская актывістка заклікае Еўрасаюз паспрыяць спыненню рэпрэсій у дачыненні да моладзі, якую падазраюць ва ўжыванні і распаўсюдзе наркотыкаў.
У шэрагу выпадкаў дзеля атрымання патрэбных доказаў супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэта ўжываюць да падазроных катаванні, што ў выніку прыводзіць да суіцыдаў.
У якасці прыкладу Ларыса Жыгар прыводзіць смерць Ягора Пратасені — маладзёна з Салігорска, які скончыў жыццё самагубствам, не здолеўшы перанесці здзекаў міліцыянтаў:
— Гэта было страшна, проста страшна глядзець на таго маладога чалавека, які ляжаў у труне. Зразумела, што гэты хлопец за ўвесь гэты час, пачынаючы ад затрымання і заканчваючы апошнімі днямі жыцця, перанёс пякельныя мукі. Гэта было страшна, усё было выражана на твары гэтага маладога чалавека, і не скажаш, што гэта быў 20-гадовы хлопец, у труне ляжаў 50-гадовы стары. Страшна становіцца за тое, што ніхто з уладаў, ніхто зусім у нашай дзяржаве на гэта на ўсё не звяртае ніякай увагі.
Сацыяльна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Матчын рух 328” на працягу пяці месяцаў не можа атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю ва Упраўленні юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама.
Чыноўнікі па надуманых прычынах адмаўляюцца даць магчымасць дзейнічаць легальна тым маці, якія лічаць, што іх дзеці трапілі за краты паводле сфальсіфікаваных спраў.
www.racyja.com