Маміны гісторыі. Што я зразумела пасля нараджэння дзіцяці
Калі ў жанчыны нараджаецца дзіця, яна пачынае глядзець на свет па-новаму. І не толькі на свет — але і на сябе таксама, часам знаходзячы ў самой сабе сапраўдныя суперздольнасці, пра якія раней і не падазравала.
Вось што я зразумела пасля таго, як стала мамай.
Я ўсё магу
Ну, нават калі не ўсё, то амаль. Проста на некаторыя рэчы трэба выдаткаваць больш (або менш) часу.
Аказваецца, цалкам магчыма не спаць амаль усю ноч (часам — некалькі начэй запар) і потым у звычайным рытме даваць нырца ў дзённую рутыну. Пры гэтым заставацца настолькі пільнай, каб папярэджваць дзіцячы (ды што казаць — і свой уласны) траўматызм. Таксама магчыма кожны дзень ладзіць прыборку кватэры з мыццём падлогі. І сумяшчаць усё гэта з працай — тут, праўда, ёсць нюансы, але ж мы пакуль кажам пра магчымасці. А яшчэ мацярынства — не перашкода чытанню кніг, засваенню новых ведаў, сустрэчам з сябрамі і шмат чаму іншаму. Галоўнае, каб гэта не цягнула сілы, а давала рэсурс.
Многае з таго, што было лёгкім раней, стала амаль недаступна
Не шукайце тут супярэчнасці з папярэднім сцверджаннем, бо тут я кажу не пра магчымасць, а менавіта пра даступнасць. Гаворка найперш пра інфраструктуру, якая ўсё ж мала ўлічвае патрэбы бацькоў з малымі дзеткамі. Адсутнасць пандусаў ці такія іх канструкцыі, па якіх немагчыма правезці вазок, вузкія дзвярныя праёмы і застаўленыя таварам праходы ў крамах часам ставяць маму перад выбарам: зрабіць тэрміновую пакупку (звычайна проста набыць што з ежы, бо дома прыгатаваць ці паесці не паспела) альбо гуляць з дзіцёнкам пад акампанемент аркестра ў страўніку. Таксама як амаль немагчыма пакарміць дзіця грудзьмі ў грамадскіх месцах. Так, у некаторых гандлёвых цэнтрах ёсць адмысловыя пакоі для мам з немаўлятамі, але гэта пакуль хутчэй выключэнне. Мне даводзілася карміць сына і ў прыбіральні, і проста прыкрыўшыся пялюшкай у кавярні і парку.
Я нічога не баюся
Калі гаворка ідзе пра інтарэсы дзіцяці, аднекуль знутры з'яўляецца магутная сіла, здольная супрацьстаяць і бабулькам у чарзе ў аптэку, і дзяржаўным чыноўнікам. Ды і ўспрыманне страху мяняецца. Калісьці на фота з пратэстаў бачыла жанчын, якія трымалі плакаты з надпісам «Мне не страшна — я нараджала». Цяпер я разумею, пра што гэта, і гэта сапраўды так.
Я шалёна баюся!
Вы зноў можаце падумаць пра супярэчанне, але мінулае сцверджанне тычылася страху за сябе. Ён, сапраўды, калі не знікае цалкам, то прытупляецца. Але замест яго абвастраецца страх за дзіця. Ад звычайнага «што гэта ў яго за болечкі, раптам што небяспечнае?» да «калі раптам штосьці здарыцца са мной, што будзе з ім?».
Інтуіцыя працуе
Прынамсі, маміна інтуіцыя. Ад самага нараджэння сына многія рэчы, якія тычацца догляду за малым, я рабіла інтуітыўна — і аказвалася, што так і трэба было. Пазней гэтае пачуццё падказвае, калі трэба хвалявацца за дзіця і прымаць нейкія захады, а калі можна пачакаць. Нябачная сувязь паміж мамай і дзіцем сапраўды існуе.
Перад тым, як нараджаць дзіця, ты мусіш мець пэўныя перакананні
Дзеці сапраўды ўпітваюць усё, таму вельмі важна, што ты ўкладзеш у сваю малечу. Хочацца ж — самае лепшае, таму неабходна самому валодаць гэтым лепшым. Галоўны спосаб навучання дзіцяці — перайманне. Малы паўтарае тое, што бачыць у першую чаргу ў бацькоў. Таму светапогляд, захапленні, кругагляд і развіццё малечы — цалкам бацькоўскі клопат, да якога трэба падысці адказна. Самы просты шлях — быць такім, якім вы хочаце бачыць свайго дзіцёнка. Але менавіта быць, а не гуляць ролю — дзеці вельмі лёгка счытваюць няшчырасць. Таму самаўдасканаленне — галоўны бацькоўскі дэвіз.
Любоў бывае безумоўнай і бясконцай
Гэта, бадай, самае вялікае і прыемнае адкрыццё мацярынства, і патлумачыць гэта немагчыма — можна толькі адчуць.
А што вы зразумелі са з'яўленнем дзіцяці?