Нарадзілася спадчынніца Якуба Коласа і Янкі Маўра. Віншуем!
Увечары 7 сакавіка ў Васіліны Міцкевіч, праўнучкі Якуба Коласа і Янкі Маўра, нарадзілася дачка.
Назвалі спадчынніцу беларускіх класікаў Наталляй, у гонар бабулі
Васіліны — Наталлі, малодшай дачкі Янкі Маўра. Прозвішча немаўляці,
згодна з традыцыяй у сям'і — Міцкевіч, у гонар прадзеда Якуба Коласа
(Канстанціна Міцкевіча).
Пра нараджэнне дачкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла маладая шчаслівая маці, Васіліна Міцкевіч, галоўная захавальніца фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, кандыдат сацыялагічных навук.
Як вядома, яе прадзеды, вядомыя класікі беларускай літаратуры, Якуб Колас і Янка Маўр, былі ў сваяцтве. Малодшы сын Якуба Коласа, Міхась, ажаніўся з малодшай дачкой Янкі Маўра, Наталляй — так і парадніліся дзве сям’і пісьменнікаў.
Міхась Міцкевіч — доктар тэхнічных навук, працаваў у Акадэміі навук, навуковы кансультант музея Якуба Коласа. Менавіта яму ў свой час Колас прысвяціў сваю кнігу «Мiхасёвы прыгоды». Дачка Янкі Маўра, Наталля, у гонар якой і назвалі дзяўчынку — кандыдат тэхнічных навук. Іх дачка, Марыя Міцкевіч, маці Васіліны — выкладчык вышэйшай матэматыкі ў Інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва. Згодна традыцыі, усім дзяўчынкам у сям’і, спадчынніцам Якуба Коласа, надаецца прозвішча іх славутага продка — Міцкевіч.
Сям’я Васіліны Міцкевіч жыве па суседстве з домам, дзе жыў яе славуты прадзед, і ў якім цяпер размешчаны музей Якуба Коласа. У дзяцінстве Васіліна разам з братам-блізнюком вучыліся ў беларускамоўнай школе, потым перавяліся ў беларускамоўную гімназію. Пасля заканчэння вучобы паступіла ў БДУ на факультэт філасофіі і сацыяльных навук, абараніла дысертацыю па сацыялогіі, выкладала ў БДУ. Цяпер працуе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у аддзеле фондаў.
Дома з бабуляй, дзядуляй і маці размаўляюць па-беларуску.
Ад шлюбу з Яўгенам Стэльтахам маюць трохгадовую дачку Юлію. Наталля — іх другая дачка.
Пажадаем маленькай спадчынніцы класікаў здароўя, шчаслівага жыцця, і няхай сваім бацькам яна нясе толькі радасць.