Максіма Вінярскага, які назваў міліцыянта «упыром», пакаралі штрафам

У Смалявіцкім раённым судзе завяршыўся адміністрацыйны працэс над актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім, якога абвінавачвалі у абразе супрацоўніка мясцовай міліцыі (арт 23.5 КаАП РБ).



viniarski_maksim.jpg

Суддзя Ліна Бародзіч пакарала актывіста штрафам у памеры 30 базавых велічынь.
Як паведаміла ў facebook  Юля Сцяпанава, у Смалявічах была затрыманая рэжысёр Вольга Нікалайчык, якая прыехала падтрымаць Вінярскага ў судзе. Вольгу затрымаў намеснік начальніка Смалявічскага РУУС.   
Па меркаванні актывіста Леаніда Кулакова, Нікалайчык затрыманая за акцыю на Кургане Славы. Дарэчы, актывістка Вольга Мікалайчык і Кацярына Садоўская атрымалі позвы з Цэнтральнага раённага суду Мінску. На 26 мая іх выклікаюць у суд за акцыю, якая прайшла каля расейскай амбасады 29 красавіка.
Нагадаем, што паводле пратаколу, які быў складзены на Вінярскага 15 мая, ён назваў «упыром» міліцыянта Лесіцу. Інцыдэнт адбыўся, калі актывісты, у тым ліку Вінярскі, прыехалі да Смалявіцкага РУУС, каб сустрэць пасля адбыцця арышту свайго аднадумца Леаніда Кулакова. 20 мая міліцыянт Лесіца ў суд не з’явіўся. З гэтай прычыны суд быў перанесены на наступны дзень.
spring96.org