«Ёсць асцярога, што працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з Еўразвязам можа спыніцца»

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пракаментаваў затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў «недармаедаў» і рэакцыю на іх ЕС 15 сакавіка пасля сустрэчы з міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дыдʼе Рэйндэрсам.

f979a4d7_162f_43e7_8bcd_f74c60cd4af9_cx27_cy5_cw45_w1023_r1_s.jpg


«Заўсёды ёсць асцярога, што крохкі працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з Еўразвязам можа застопарыцца ці спыніцца», — адказаў ён на пытанне інфармагенцтва адносна таго, ці не баіцца ён, што масавыя затрыманні «недармаедаў» нэгатыўна адабʼюцца на стасунках з Еўразвязам.
Макей сказаў, што ведае пра каштоўнасці Еўразьвязу і іх значэнне для краін-удзельніц, але заявіў, што там ішлі да дэмакратыі «нават не дзясяткі, а сотні год»:
«Укараненне сапраўднай дэмакратыі ў сапраўды еўрапейскім разуменні гэтага слова патрабуе доўгага часу, патрабуе змены менталітэту і псіхалогіі людзей, — казаў Макей. — Трэба ў гэтым плане працаваць і з грамадзянскай супольнасцю.
Што тычыцца канкрэтных затрыманняў, ведаеце, там трэба паглядзець на ўдзельнікаў гэтых маніфэстацыяў і вызначыць, хто там удзельнічаў — ці тыя асобы, хто непасрэдна быў закрануты палажэннямі гэтага дэкрэту. Нам здаецца, што вельмі многія асобы, і тут унутры, і за межамі Беларусі, спрабуюць выкарыстоўваць гэтыя акцыі ў сваіх асабістых мэтах.
Я не хачу сказаць, што затрыманні абсалютна правільныя. Я хачу проста перасцерагчы ад таго, каб гэтыя нешматлікія дэманстрацыі былі выкарыстаныя ў якіх-небудзь палітычных мэтах».
Макей выказаў упэўненасць, што Беларусь «пройдзе праз гэты этап», бо «такога кшталту цяжкасці» пэрыядычна ўзнікаюць на шляху нармалізацыі стасункаў з Еўразвязам. Ён лічыць важным «своечасова інфармаваць пра ўсе акалічнасці і абмяркоўваць шляхі выхаду з падобных сітуацыяў».
Рэйндэрс жа сказаў на прэс-канферэнцыі, што далейшыя крокі па дэмакратызацыі Беларусі, а ў іх ліку таксама скасаванне сьмяротнага пакарання, могуць адыграць станоўчую ролю ў спрашчэнні візавага рэжыму. Ён дадаў, што апошнімі месяцамі стала магчымым выбудоўваць з Беларуссю больш канструктыўныя стасункі дзякуючы крокам Беларусі, якія зрабілі магчымым зняцьце санкцыяў.
Тым часам у Беларусі ў сувязі з «Маршамі недармаедаў» затрымалі, пасадзілі на суткі альбо аштрафавалі больш за 100 чалавек, у тым ліку аштрафаваныя два журналісты.
Прадстаўнікі Еўразвязу ў Беларусі раней заклікалі неадкладна вызваліць затрыманых і ўстрымацца ад гвалту. Рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцыяў, палітычных актывістаў і журналістаў могуць паставіць пад пагрозу «ліберальную адлігу» ў адносінах з Брусэлем і Вашынгтонам.
Паводле svaboda.org