Магілёвец абвінавачвае міліцыянтаў у здзеках з сына-інваліда

Жыхар Магілёва Аляксандр Страх патрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, вінаватых, як ён лічыць, у неабгрунтаваным сілавым затрыманні і вобшуку яго сына-інваліда. МУС не ўгледзела парушэнняў у дзеяннях сваіх падначаленых.

images_1.jpeg

Як паведаміў БелаПАН Аляксандр Страх, у лістападзе 2014 года яго 21-гадовы сын Святаслаў, інвалід другой групы з дзяцінства, ішоў дадому ад сяброў. «Да пад’езда заставалася 100—120 метраў. Раптам ззаду яго схапілі за рукі. Гэта былі людзі ў міліцэйскай форме. Зацягнулі яго ў аддзяленне міліцыі на вуліцы Сіманава. Першае, што зрабілі міліцыянеры, — палезлі ў кішэні. У Славы заўсёды пры сабе пасведчанне, а ў ім заўсёды ляжыць запіска, у якой буйнымі літарамі напісана, што ў хлопца можа быць прыступ эпілепсіі, і пазначаны нумары тэлефонаў мамы і таты, пазначаны адрас. У міліцыі пратрымалі хлопца дзве гадзіны, але не патэлефанавалі самі і яму не далі патэлефанаваць бацькам», — сцвярджае бацька інваліда.

Паводле яго слоў, у канцы 2014-га і ў 2015 годзе ён звяртаўся са скаргамі ў мясцовыя органы міліцыі і пракуратуры, якія не ўгледзелі якіх-небудзь парушэнняў у дзеяннях міліцыянераў. Пасля гэтага Страх вырашыў напісаць міністру ўнутраных спраў.

Першы ліст кіраўніку МУС датуецца студзенем 2016 года. Адказ на яго быў дадзены выканаўцам абавязкаў начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Сяргеем Волкавым у сакавіку. Міліцэйскі чыноўнік сцвярджае, што факты неправамерных дзеянняў у дачыненні да інваліда не пацвердзіліся. Супрацоўнікі міліцыі ў той час ажыццяўлялі вышук злачынца, які ўцёк з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, а Святаслаў Страх па прыкметах быў падобны да ўцекача. «Пасля высвятлення асобы вашаму сыну выказаны прабачэнні, пасля чаго ён быў адпушчаны па месцы жыхарства», — сцвярджае Волкаў.

Аляксандр Страх назваў такі адказ цынічным і зноў звярнуўся да міністра Ігара Шуневіча. «У чым правамернасць закручвання рук інваліду прама каля дома? Чаму яго пасадзілі ў клетку? Чаму не патэлефанавалі маці або бацьку? Пасадзіць невінаватага інваліда ў клетку — гэта здзек. А Волкаў у сваім адказе цынічна пакрывае іх, заяўляючы, што «неправамерныя дзеянні не пацвердзіліся», — падкрэслівае жыхар Магілёва.

У адказе намесніка міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева ад 6 красавіка гаворыцца, што ў сына Страха быў праведзены асабісты агляд на прадмет магчымай наяўнасці пры ім прадметаў, забароненых да абароту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (халоднай (агнястрэльнай) зброі). Пасля высвятлення асобы і выказвання прабачэння Святаслаў Страх быў адпушчаны, сцвярджае Караеў. Цяпер Аляксандр Страх мае намер звярнуцца па дапамогу ў Беларускае таварыства інвалідаў, паколькі хоча «праз грамадскую арганізацыю спыніць міліцэйскае самавольства».


Паводле Радыё Рацыя