Маці растралянага Паўла Сялюна накіравала скаргу ў суд Ленінскага раёна Гродна
23 студзеня 2014 года Тамара Сялюн напісала і адправіла скаргу на рашэнне і дзеянне службовых асобаў Гарадзенскага абласнога суда і Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь. Цягам месяцу суд Ленінскага раёна горада Гродна павінен яе разглядзець.
У сваёй скарзе Т.Сялюн звяртае ўвагу, што на сваю просьбу паведаміць пра лёс яе сына, а таксама вярнуць яго асабістыя рэчы і выдаць цела да пахавання па традыцыях сям’і, 16 мая 2014 года яна атрымала адказ ад Гарадзенскага абласнога суду. У ім было пазначана, што прысуд у дачыненні да Паўла Сялюна прыведзены ў выкананне. Таксама са спасылкай на арт.175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь Гарадзенскі абласны суд адмовіў ў паведамленні пра месца пахавання і выдачы цела пакаранага.
Аднак, адвакату Паўла Сялюна паведамілі пра выкананне прысуду яшчэ 18 красавіка 2014 года. Такім чынам, маці пакаранага не ведала пра лёс свайго сына на працягу амаль месяца, не змагла пахаваць яго па традыцыях сваёй сям’і і ўвесь гэты час знаходзіцца ў псіхалагічным стрэсе.
Тамара Сялюн лічыць, што абстаноўка поўнай сакрэтнасці ў адносінах смяротнага пакарання і месцаў пахаванняў, адмова ў выдачы целаў расстраляных для пахавання, а таксама накіраванне ад імя дзяржавы сваякам пакараных смерцю спецвопраткі з адзнакай “ВМП” – выключная мера пакарання, раўназначныя запалохванню сем’яў, паколькі іх наўмысна трымаюць ў стане нявызначанасці і псіхалагічных пакутаў.
Усе згаданыя факты, па яе меркаваннях, парушаюць не толькі ч. 3 арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, але і арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта: “ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню”.
У сваёй скарзе Т. Сялюн просіць паставіць пытанне аб прызнанні арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса неканстытуцыйным, які супярэчыць ч.3 арт. 23 Канстытуцыі РБ і арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акрамя таго, прызнаць дзеянні Гарадзенскага абласнога суду па адмове аб прадстаўленні інфармацыі ёй пра час выканання прысуду, месца пахавання сына, а таксама дзеянні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ па накіраванню на адрас заяўніка паштовай пасылкі з турэмнай спецвопраткай пакаранага сына, неправамернымі. Прызнаць у судовым парадку, што такія дзеянні з'яўляюцца жорсткім, бесчалавечным абыходжаннем і абавязаць даць паказаную інфармацыю.