Любоў да Расіі і Кастусь Каліноўскі
Так мы цяпер любім Расію, што не трэба нам нашых князёў, магнатаў, шляхты! А з Каліноўскім вы ўсё ж такі паасцярожней! Лепей не чапайце вы легендарнага беларускага паўстанца! Аднаго разу вунь перапахавалі рэшткі — і што пачалося! Каронавірус, рэвалюцыя, вайна.
Адзіную ў Беларусі гімназію, якая насіла імя Кастуся Каліноўскага, перайменавалі. Цяпер гэта гімназія імя падпольшчыцы Пашы Васіленка. Пра гэтае ціхае перайменаванне, развянчанне нацыянальных герояў і перагляд гісторыі піша Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на budzma.org.
Былых герояў цяпер развенчваюць і пераглядаюць гісторыю
Мы цяпер вельмі любім Расію. Мы яе любім нават болей, чымсьці за савецкім часам. Бо за савецкім часам мы любілі сваіх герояў-паўстанцаў 1863 года. А цяпер — не! Цяпер мы настолькі любім Расію, што нават тыя, хто змагаўся з царызмам, для нас цяпер — таксама ворагі. Таму што нельга змагацца з самадзяржаўем. Яно — апірышча вялікае Расіі. І таму былых герояў цяпер развенчваюць і пераглядаюць гісторыю.
Каліноўскага, напрыклад, запісалі ў польскія патрыёты. Маўляў, змагаўся за Рэч Паспалітую. А тое, што «Мужыцкую праўду» пісалі па-беларуску, дык яно і ясна — палякі ж. Вось і пісалі па-беларуску. Былі б нармальныя, нашы людзі, дык пісалі б на нармальнай нашай вялікай ды магутнай рускай мове
Мы цяпер так любім Расію, што нават гімназію, дзе некалі вучыўся Кастусь Каліноўскі, перайменавалі. Так, як заўсёды — ціха, без лішніх гукаў, была гімназія імя Каліноўскага (што і абсалютна зразумела — ён жа ж там вучыўся!), а цяпер — не. Ужо не Каліноўскага. Так ціха, што такое ўражанне, што нешта пакралі. Як, напрыклад, помнік Ларысе Геніюш ці памятны знак у гонар таго самага паўстання ў Горадні — знік помнік, знік і памятны знак. Дзе падзеліся? Можа, пакраў хто? Бюракратычныя інстанцыі нічога адэкватнага не кажуць. Пыкаюць-мыкаюць, спрабуюць неяк выкручвацца. Атрымліваецца не вельмі.
Што мы ведаем пра Каліноўскага
Раней пра Каліноўскага ў школе вучылі. Там яшчэ рэпрадукцыя была карціны Пётры Сергіевіча — Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года.
Але за савецкім часам гісторыю ў школе выкладалі дрэнна, таму асабліва мы нічога пра тое паўстанне не ведаем — ну, змагаліся там супраць цара, за што іх і пакаралі. Я надоечы бачыў здымкі з Маладзечна, з вуліцы Каліноўскага. Рэпарцёр пытаецца ў жыхароў гэтае вуліцы: «А хто ж такі Кастусь Каліноўскі?» Большасць сказала: «Пясацель нейкі». Карэспандэнт пытае: «Дык а паэт ці празаік?» «Скарэй усяго, празаік», — адказваў народ. А што, калі ў сталіцы правесці такую акцыю на вуліцы імя легендарнага змагара, як вы думаеце, што адкажа сталічная публіка? А-а, прабачце, я забыўся, ніхто цяпер нічога такога там не наздымае. Бо толькі пачнеш здымаць, адразу прыедуць і завязуць куды належыць. І самі з табою здымуць сюжэт. Называецца — пакаяльнае відэа.
Не чапайце легендарнага паўстанца
Так мы цяпер любім Расію, што не трэба нам нашых князёў, магнатаў, шляхты! Не патрэбныя нам яны! Як пачнеш корпацца з гэтымі ўсякімі Сапегамі-Радзівіламі, дык адразу нейкія там сувязі з Еўропай, заходнім светам. А ў нас цяпер вектар супрацьлеглы — у бок Расіі! Таму не трэба нам такая гісторыя, хай гэтых магнатаў забіраюць, хто хоча — Польшча, Літва, не нашыя яны! Усіх забірайце, пакіньце толькі вайну і партызанаў. Гэта святое.
А з Каліноўскім вы ўсё ж такі паасцярожней, спадарства, ой, даруйце, таварышы, ці як вас трэба называць? Паасцярожней, бо гэта такая магутная постаць, што можа вас за гэтыя перайменаванні і пакараць. Не баіцеся? Аднаго разу вунь перапахавалі рэшткі — і што пачалося! Каронавірус, рэвалюцыя, вайна. Так што лепей не чапайце вы легендарнага беларускага паўстанца! Кіньце дурное, бо сабе бяду на галаву наклічаце!
Лявон Вольскі, budzma.org