Лявон Баршчэўскі: Шукайце ва ўсім грошы
Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі выказаў сваё меркаванне з нагоды «гераічнай» акцыі дэлегацыі беларускіх паралімпійцаў.
Інцыдэнт на Паралімпійскіх гульнях, калі адзін з чальцоў беларускай дэлегацыі ў час афіцыйнага шэсця ўзняў расійскі сцяг, працягваюць шырока абмяркоўваць прадстаўнікі спартыўнай і неспартыўнай грамадскасці.
Галоўнае пытанне: як ацэньваць такі ўчынак беларусаў?
Лявон Баршчэўскі адзначыў:
— Расійскія СМІ цэлы год убівалі ў галовы сваіх суайчыннікаў (суадносна — і ў галовы беларусаў), што спорт не дапускае палітызацыі. А тут якраз той самы выпадак палітызацыі, бо сцяг — гэта палітычны сімвал, які пранеслі насуперак забароне. Адпаведным чынам і ацэньваць трэба такія дзеянні. Калі вы супраць палітызацыі, дык, значыцца, і не трэба было гэтага стымуляваць. А тое, што гэта стымулявалася нейкім чынам, — адназначна. Знайшлі чалавека ў беларускай дэлегацыі, які згадзіўся пранесці расійскі трыкалор, а далей — справа тэхнікі.
Асабіста ў мяне няма абсалютна ніякіх сумневаў, што гэта быў не экспромт, а зараней спланаваная акцыя.
— Але ж спартоўцы кажуць, што проста хацелі падтрымаць расейскіх калег, якіх не пусцілі на Паралімпіяду.
— Можа, у некага і было такое шчырае памкненне. Але, як мне падаецца, шукайце ва ўсім грошы.
— Наколькі сёння ў Беларусі моцныя прарасійскія настроі?
— Гэта ёсць, і адмовіць гэта нельга. Але, ведаючы традыцыйную дысцыплінаванасць беларусаў, якія ніколі не зробяць нечага такога, чаго не загадае начальства альбо за гэта не заплацяць вялікія грошы, то, думаю, тут трэба шукаць карані «гераічнай акцыі» спадара Фомачкіна, які ўзняў расійскі сцяг.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя