Лідзія Ярмошына і 5G: вяртанне мінулага

На гэтым тыдні ў Беларусі адбылася купа навін, якія я нават не ведаю, як інтэрпрэтаваць. Цяжка знайсці ім тлумачэнне, але ж гэта нашае жыццё, і нам трэба разумець, што ў ім адбываецца. Агульны трэнд вяртання мінулага толькі пацвярджаецца.

Фота з almaty.tv

Фота з almaty.tv

Пачнем з таго, што раптоўна ў інфармацыйным полі з’явілася фігура, пра якую мы думалі, што яна больш ніколі не ўсплыве. Але такое, як аказалася, не тоне. Былая кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына правяла сустрэчу з калектывам РУП «Белтэлекам» і распавяла пра «тонкасці выбарчага працэсу», паведаміла прэс-служба Берасцейскага філіяла «Белтэлекам».

«На сустрэчы з калектывам Лідзія Ярмошына распавяла пра тонкасці выбарчага працэсу і пра ключавыя аспекты маючай адбыцца выбарчай кампаніі, акцэнтаваўшы ўвагу на важнасці ўдзелу кампаніі РУП «Белтэлекам» у арганізацыі выбараў», — гаворыцца ў паведамленні.

Ярмошына, па словах прэс-службы, распавяла гісторыю выбараў у Беларусі, уключаючы падрабязнасці аб першых выбарах прэзідэнта Беларусі і зменах у выбарчай сістэме на працягу часу.

Цікава, як і ў якім ключы яна расказала аб сваім незаконным прызначэнні на пасаду кіраўніка ЦВК у 1996-м? Ці інтэрпрэтавала яна гэта, як «захоп улады гвалтоўным шляхам» — улічваючы, што законнага старшыню ЦВК Віктара Ганчара прыбралі з кабінета з ужываннем сілы?

У любым выпадку, з'яўленне такой адыёзнай фігуры, як Ярмошына, у публічнай прасторы можа азначаць два моманты. Першы: у атачэнні Лукашэнкі настолькі не хапае «правераных кадраў», што даводзіцца звяртацца да, здавалася б, ужо «спісаных у тыраж» ветэранаў-пенсіянераў. Ну, як на Трактарным заводзе, куды клікалі працаваць пенсіянераў, таму што маладыя да іх не ідуць.

Другі момант: Лукашэнка, падобна, канчаткова закрэсліў свае пагадненні з Пуціным версіі 2020 года. Паводле канспіралогіі, тады Пуцін запатрабаваў, што Лукашэнка праводзіць канстытуцыйную рэформу, і пасля яе — прэзідэнцкія выбары без удзелу Лукашэнкі. І, адпаведна, без Ярмошынай, з якой Лукашэнка перамагае ў любых выбарах, хоць на конкурсе прыгажосці. Лукашэнка і адправіў Ярмошыну ў адстаўку. Але цяпер яна зноў з'явілася ў публічнай прасторы, і незразумела ў якасці каго.

У якасці лектара таварыства «Веды»? Наўрад ці. Тым больш, дзеля абы-каго не збіраюць увесь «Белтэлекам».

Другая навіна больш аптымістычная, хоць і таксама крыху абсурдысцкая. Як расказала старшыня канцэрна «Беллегпрам» і заўзятая змагарка з сэканд-хэндамі Таццяна Лугіна, прадпрыемствы яе канцэрна актыўна звяртаюцца да дапамогі штучнага інтэлекту.

«Сёння мы актыўна, гэты год асабліва, сталі выкарыстоўваць штучны інтэлект у распрацоўках, малюнках, у дапамогу, скажам так. Зразумела, што думкі дызайнера індывідуальнага ніхто не адменіць, напэўна. Але, тым не менш, калі трэба выканаць хутка працу, калі трэба, скажам, змяняльнасць мадэляў, тое, пра што мы сёння гаварылі, сёння спецыфіка лёгкай прамысловасці сусветнай у тым, што трэба пастаянна здзіўляць. Скажам так, пагрузіўшыся ў магчымасці штучнага інтэлекту, мы ўбачылі, што першае гэта разнастайнасць фантазіі: ён можа прапанаваць нашым дапамогу мастакам, розныя спалучэння колераблокаў, рашэнняў. Задаеш прама параметры, і яны там нешта прапануюць нам на разгляд. Так і хуткасць апрацоўкі інфармацыі: рэклама сёння вельмі таксама ўвайшла, у маркетынг наш уваходзіць, гэта значыць памяншаецца амаль у два-тры разы некаторыя прыёмы апрацоўкі інфармацыі», — распавяла ён.

За Лугіну можна парадавацца, але не за яе дызайнераў. І наконт «разнастайнасці фантазіі» ў іх праблемы, і «спалучэнне колераблокаў» на самай справе залежаць, хутчэй, ад наладаў манітора, а не ад АІ. А вось ускосна спадарыня Лугіна прызналася альбо ў наяўнасці пірацкага ПА, альбо ў абыходзе санкцый, альбо і ў тым, і ў другім адначасова. Паколькі падпіска на той жа Midjorney або ChatGPT — платная, а праз санкцыі гэтыя кампаніі ці не прымаюць плацяжы ў Беларусі, ці ж проста ў Беларусі не працуюць.

Але за «Беллегпрам» усё ж можна парадавацца. Яны хоць бы навучыліся карыстацца VPN.

Вось толькі ні штучны інтэлект, ні спосабы абыходу санкцый глабальна не ўплываюць на сітуацыю ў краіне. Таму што, як мы ўжо і казалі, каб карыстацца штучным інтэлектам, трэба мець, як мінімум, натуральны інтэлект. А ў нас замест інтэлекту — выканаўчасць. І ў выніку ў зводках Белстата мы бачым цікавую карціну: у студзені-верасні гэтага года рэнтабельнасць продажаў арганізацый гандлю апусцілася ніжэй за 1%. Яна склала 0,9%. 

Па выніках студзеня-жніўня рэнтабельнасць продажаў арганізацый гандлю складала 1,2%. У студзені-верасні мінулага года паказчык дасягаў 1,8%. То-бок, гандаль ціха, паступова, але ўпэўнена канае.

Гэта значыць, што працягвае адбівацца эфект жорсткага рэгулявання коштаў. Праз тры гады пасля таго, як Лукашэнка катэгарычна забараніў рост коштаў, самі гандлёвыя прадпрыемствы працуюць амаль у страту.

А што далей? Зачыняцца крамы? І дзе мы будзем купляць прадукты і тавары? 

Ну і самае маё любімае ўжо амаль 10 гадоў. Таму што 10 гадоў таму, перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года, Лукашэнка абяцаў цягам пяцігодкі замуціць у краіне мабільную сувязь стандарту 5G.

Прайшло амаль 10 гадоў. У той час мы былі роўнымі «на старце» з іншымі краінамі. Цяпер там ужо забыліся нават на скандалы з пагромамі тых самых вышак 5G, бо «яны нас чыпіруюць». А ў нас, па словах, міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, Беларусь нарэшце набліжаецца да разгортвання сеткі мабільнай сувязі стандарту 5G. Ну, як набліжаецца... Вядома ж, не.

За «набліжэнне» спадар Шульган выдае тое, што праект указа аб 5G «праходзіць апошнія ўзгадненні».

«Ён патрабуе толькі юрыдычнага афармлення ў выглядзе ўказа прэзідэнта. Праект ужо праходзіць апошні этап узгаднення. Я думаю, у найбліжэйшай будучыні прыступім да яго выканання», — сказаў Шульган на канферэнцыі A1 Tech Day.

Дзесяць гадоў спатрэбілася для таго, каб скласці ўказ аб 5G. Дзесяць гадоў для напісання тэксту на пару-тройку старонак. Як вы думаеце, праз колькі з'явіцца сувязь 5G у Беларусі, калі ўказ будзе прыняты і ўступіць у сілу? Яшчэ дзесяць гадоў? Або дваццаць?

Ці, магчыма, ніколі? Таму што аператарам сеткі 5G будзе «Белтэлекам». І, са слоў Шульгана, цяпер у дзяржкампаніі думаюць, у якім выглядзе яна стане мабільным аператарам.

Думаць яны будуць доўга. Таму што замест гэтых роздумаў яны занятыя слуханнем Ярмошынай.