Лічбавы супраціў: хакерскія атакі на сайты дзяржустаноў набываюць рэгулярны характар
Хакерскія атакі на сайты дзяржаўных органаў і арганізацый Беларусі набываюць рэгулярны характар. Узламаны ўжо трэці сайт за тры дні. Гэтым разам — сайт Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
І
нтэрнэт-карыстальнікі заўважылі змены каля 19 гадзін 4 верасня. Замест усяго інтэрфейсу сайта карыстальнік бачылі толькі адну старонку з кароткім тэкстам і фотакалажам.
У тэксце хакерскага паслання Акадэмія МУС названая «вучылішчам хлусоў, гвалтаўнікоў і забойцаў», гаварылася, што афіцэры міліцыі заплямілі гонар мундзіраў крывёю ахвяр жнівеньскіх пратэстаў. Сумленных афіцэраў заклікалі сыходзіць з міліцыі.
Усё гэта суправаджалася фатаграфіяй Адольфа Гітлера з дзецьмі «Гітлерюгенда», пры гэтым галава Гітлера на фота замененая на Лукашэнку.
Прыкладна да 20 гадзін сайт працаваў, а затым на ім з’явілася заглушка з памылкай 403: «Forbidden. You don't have permission to access this resource» (забарона доступу).
Нагадаем, 3 верасня быў узламаны сайт МУС, на ім у вышук «абвясцілі» Лукашэнку і Караева па «абвінавачванні ў захопе ўлады неканстытуцыйным шляхам», а 2 верасня — сайт Кіравання справамі прэзідэнта. На іх таксама з’явіўся нечаканы кантэнт.
Паводле REFORM.by