Летнік на Падляшшы, білборды на мяжы з Беларуссю і GTA па Мінску. На што беларусы ў эміграцыі скідваюцца падаткамі?
Сёлета праект «Новая Беларусь» запусціў другі сезон з назвай «Будуй Сваё». Беларусам Літвы і Польшчы прапануецца выдаткаваць частку падаткаў на тое, каб рэалізаваць праекты, у якіх мае патрэбу супольнасць. Таксама далучыцца да «будоўлі» можна з іншых краінаў свету. Падрабязнасці распавяла прэс-сакратарка «Новай Беларусі» Марыя Грыц.
— Марыя, перш чым запытацца ў вас пра другі сезон праекта «Новая Беларусь», хачу даведацца, якім па вашых адчуваннях быў першы сезон? Ці ганарыцеся вы тым, што ўдалося зрабіць?
— Першы сезон мы называлі пілотным, таму што магчымасць правесці такую праграму з’явілася, калі падатковыя дэкларацыі ўжо падаваліся. Патрэбны быў час і на распрацоўку тэхнічнай часткі і на тое, каб пільна прадумаць структуру праекта. У нас былі даволі гарачыя баталіі наконт таго, як павінна выглядаць гэтыя нізавая дэмакратыя, якім чынам праводзіць галасаванне, таму і сезон атрымаўся па адчуваннях гарачым.
Да другога сезона мы падыйшлі ўжо з халоднай галавой, улічылі ўсе хібы мінулага года, своечасова запусцілі сам прает. Да таго ж мы стварылі суполкі, каб людзі маглі прапаноўваць ідэі, то бок, не трэба чакаць канца лета, пакуль назбіраюцца ўсе дэкларацыі. Цяпер працэс зрабіўся больш простым – можна ўжо сёння падаць дэкларацыю і адразу ж прапаноўваць свае ідэі, пакідаць каментары, рэакцыі, удзельнічаць у дыскусіях наконт патрэбаў беларускай супольнасці.
Таксама з мінулага года мы вынеслі такі ўрок, што да ініцыятывы маюць намер далучыцца беларусы не толькі з Польшчы ці Літвы, але і з іншых краін, у якіх на сёння няма амагчымасці збіраць адсоткі з падаткаў. Таму сёлета ў нас ёсць две краінавыя суполкі (Літва і Польшча) і глабальная суполка. Усе ахвочыя могуць таксама далучыцца да праекта праз унёсак у 35 еўра, прапаноўваць свае ідэі, галасаваць, каментаваць ініцыятывы іншых.
Яшчэ адна істотная змена – мы зрабілі функцыю, калі чалавек прапануе ідэю і можа пазначыць, ці ёсць у яго ўжо сабраная каманда для рэалізацыі ідэі, альбо чалавек гатовы выступіць у якасці менеджара ідэі, а каманды пакуль не мае. Ці, магчыма, у чалавека ёсць файная думка, але ён не ведае, з якога боку да яе падыйсці – тады можна прапанаваць рэалізаваць яе тым, хто мае адпаведныя кампетэнцыі.
— А як сёння ідуць справы ў праектаў, якія атрымалася рэалізаваць, дзякуючы грашам, сабраным у мінулым сезоне – бібліятэкі ў Вільні і сайта па гісторыі Беларусі ў Польшчы?
— Гістарычны сайт зараз на этапе актыўнага абмеркавання яго зместу. Тэхнічная частка ўжо зробленая, засталося толькі папрацаваць над кантэнтнай.
Першапачаткова ідэя была ў тым, каб зрабіць партал па гісторыі Беларусі на англійскай мове, то бок, калі хтосьці з замежных журналістаў ці навукоўцаў шукае інфармацыю – калі ласка, тут сапраўдная беларуская гісторыя без налёту ідэалогіі, якую мы цяпер маем у дзяржаве Лукашэнкі.
Але потым з’явілася інфармацыя пра тое, што распрацоўваюцца ўніфікаваныя падручнікі па гісторыі Беларусі і Расіі. Тады стала зразумела, што беларускамоўную версію партала з фокусам для беларусаў таксама варта рабіць. Таму зараз ідуць абмеркаванні і пошук формы. Праз тое, што грошы ў польскім праекце з’явіліся ў нас значна пазней, чым у літоўскім, рэліз крыху зацягнуўся, але ж ён мае адбыцца ў бліжэйшыя месяцы.
Глядзіце таксама
А вось віленская гісторыя сапраўды прыўкрасная. Мой вялікі гонар у тым, што мы спрычыніліся да гэтага праекта. Бібліятэка ў Вільні функцыянуе, яна пррыгожая, зручная, таксама ёсць сайт, на якім можна забраніраваць сабе кнігу, а потым прыйсці і забраць яе.
— Распавядзіце, калі ласка, на якім этапе зараз праект «Будуй сваё», і ці сапраўды беларусы гатовыя актыўна будаваць і развіваць сваё за мяжой?
— Насамрэч я ў захапленні ад таго, колькі ідэй мы маем у гэтым сезоне. Калі не памыляюся, зараз мы маем 19 заявак. Больш за ўсё ідэй прапануе польская супольнасць, і ўсе яны вельмі грунтоўныя. Калі летась сярод прапановаў было штосьці кшталту «давайце перададзім усе грошы на добрачыннасць» (значыць, не рабіць штосьці самім, а проста перадаць нейкай структуры), альбо «давайце набудзем кавалак землі і на ім будзем будаваць новую Беларусь», такія жартаўлівыя ідэі. То сёлета прапановы ўжо сапраўды сур’ёзныя.
Шмат ідэяў тычацца ўладкавання дзяцей за мяжой, і для мяне асабіста ў гэтым таксама вялікая каштоўнасць, таму што людзі прыходзяць да разумення, што мы можам затрымацца ў эміграцыі надоўга, трэба ўжо злазіць з валізак. І разам з тым людзі думаюць, як захаваць беларускасць дзетак.
Ілюстрацыя: Новая Беларусь
— Раней вы адзначалі, што збор грошаў праз падаткі накладвае пэўныя абмежаванні на тое, як гэтыя грошы могуць выкарыстоўваюцца. Ці маглі б вы патлумачыць, якія канкрэтна ёсць абмежаванні і якога кшталту праекты могуць быць рэалізаваныя?
— Рамка праектаў, якія могуць быць рэалізаваныя, даволі шырокая. Яны мусяць быць скіраваныя на падтрымку пэўнай супольнасці, на культурніцкую падтрымку, на развіццё гарызантальных сувязяў, на добрачыннасць у шырокім сэнсе гэтага слова.
Раней людзі пісалі нам, ці можна набыць дроны для Палка Каліноўскага – на жаль, не. І адпаведна праз гэта мы не можам проста перадаць грошы Палку.
Праект мусіць быць рэалізаваны на пэўнай тэрыторыі. Напрыклад, нават анлайнавы польскі праект можа быць карысным для ўсіх людзей на свеце, але ж каманда мусіць быць у Польшчы і ў Польшчы гэтыя грошы маюць быць выдаткаваныя.
Але гэта не тычыцца суполькі Глобал, там межаў няма. Адзіная рэкамендацыя, якую мы просім улічваць – праекты мусяць быць анлайнавыя. Паколькі людзі, якія данацяць на гэтую суполку, могуць знаходзіцца ў розных кропках свету, трэба каб і фінальна абраны праект быў карысны людзям адусюль.
— А як можна прапанаваць сваю ідэю для рэалізацыі? Гэта могуць зрабіць толькі тыя, хто паўдзельнічае ў праекце фінансава?
— Так, ідэі могуць прапаноўваць толькі ўдзельнікі і ўдзельніцы, а далучыцца да іх колькасці можна, пералічыўшы адсотак на добрачыннасць (1,5% у Польшчы і 1,2% у Літве), альбо зрабіўшы ўнёсак. Летась мы падлічылі сярэднюю колькасць грошаў, якія паступаюць да нас праз дэкларацыі – гэта 35 еўра. І таму можна далучыцца і такім чынам у выпадку, калі чалавек не падае дэкларацыю альбо ўжо падаў і не хоча яе перападаваць (хаця і такая магчымасць ёсць).
Пасля рэгістрацыі ў якасці ўдзельніка ці ўдзельніцы вы можаце зайсці ва ўкладку «прапанаваць ідэю» у нашай аплікацыі. А далей трэба дзейнічаць па інструкцыі – прапісаць назву праекта, у чым яго сэнс, мэта і гэтак далей. Літаральна некалькі сказаў, каб было зразумела, пра што агулам ідзе гаворка. Потым вашая ідэя адразу з’яўляецца ў спісе і іншыя ўдзельнікі суполкі могуць на яе рэагаваць, каментаваць яе, то бок адразу можна ўбачыць рэакцыю на вашую прапанову.
— Ці магчыма скіраваць свае грошы на нейкую канкрэтную ідэю?
— Не. У гэтым і ёсць сэнс галасавання.
Мы маем такую вялікую мару – арганізоўваць людзей і разам вучыцца дэмакратыі на практыцы.
Гэта значыць, не нейкія абстрактныя дэмакратычныя сілы штосьці вырашаюць, але канкрэтна вы, удзельнікі праекту, з’яўляецеся гэтымі самымі сіламі. Вы вырашаеце, на што пойдуць вашыя падаткі. І калі вы не згодныя з вынікам, можаце давесці сваё меркаванне, сваё бачанне – ёсць супольны чат, дзе можна гэта абмяркоўваць і дамаўляцца адно з адным. Думаю, для нас усіх гэта быў бы вельмі карысны досвед.
— Ці маглі б вы пералічыць некаторыя асабліва сімпатычныя вам ідэі з ліку тых, якія беларусы ўжо паспелі прапанаваць сёлета?
— Цяжка выбраць. Гэта як адказаць на пытанне, каго больш любіш, маму ці тату. Мая ўлюбёная ідэя ў суполцы Глобал – гэта віар архітэктура. Яшчэ са школьнага гістарычнага курса мы памятаем вось гэты жаль і боль наконт таго, як шмат мы страцілі, якая ў нас прыўкрасная была краіна замкаў, якія касцёлы былі зруйнаваныя войнамі, і як шкада, што ўсё гэта на свае вочы мы ўжо не ўбачым. Але ж насамрэч такая магчымасць ёсць! Канешне, не ў камяні, прынамсі, пакуль.
Але ёсць знаўцы, якія гатовыя даць нам магчымасць убачыць зруйнаваныя архітэктурныя каштоўнасці Беларусі з дапамогай віар тэхналогій.
Яшчэ ёсць не вельмі папулярная ідэя, якая, тым не менш, мне вельмі падабаецца – гэта гульня GTA па Мінску. Я ўжо 4 гады не бачыла свой родны горад, вельмі жадаецца па ім пакатацца хаця б так.
Таксама цікавы праект – паставіць білборды на мяжы з Беларуссю, каб людзі, якія вяртаюцца ў краіну маглі праверыць, ці ўсё ў іх у парадку ў тэлефонах, каб нагадаць людзям, што варта паклапаціцца пра бяспеку.
Як я заўважала вышэй, ёсць і цудоўныя ідэі, якія тычацца маленькіх беларусаў. Напрыклад, пакой з беларускамоўнымі выхавацелькамі. Мала хто з эмігрантаў мае бабуль і дзядуль, якія гатовыя, як што, прыйсці на дапамогу. Заўжды трэба звяртацца да кагосьці, каб дзеці былі пад наглядам. Гэта бывае не заўжды зручна. А калі б быў пакой, у якім на пару гадзін можна пакінуць дзіцё, дзе за ім будуць прыглядваць, забаўляць яго, развіваць – здаецца, гэта было б цудоўна. Падобныя прапановы ёсць і ў Варшаве, і ў Вільні.
Яшчэ з праектаў, прапанаваных для рэалізацыі ў Польшчы – летнік для дзяцей на Падляшшы. Такія праекты для мяне асабіста блізкія, таму што ў самой ёсць дзіцё. І я разумею, што летнія вакацыі могуць для кагосьці з бацькоў у эміграцыі быць болем, таму што людзі не ведаюць, куды прыстроіць сваё дзіцё, каб яно не сядзела ўвесь час у кампутары ці тэлефоне. Было б цудоўна прапанаваць альтэрнатыву, з дапамогай якой дзеці змогуць, скажам, пажыць у намётах, выправіцца ў маленькі паход альбо наведаць музей.
Ілюстрацыя: Новая Беларусь
— Як вы лічыце, «Новая Беларусь» — выключна эмігранцкі праект, альбо ён можа быць чымсьці цікавым і карысным для тых, хто застаўся ў сённяшняй Беларусі?
— Мы вымушаныя рэгулярна звяртаць увагу на тое, што «Новая Беларусь» прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Але мы зрабілі для людзей з Беларусі сайт, на якім яны могуць назіраць за тым, як ідуць абмеркаванні ідэяў праектаў. На жаль, яны не могуць паўдзельнічаць непасрэдна, таму што мы просім людзей з Беларусі не далучацца праз унёскі. Гэта хутчэй за ўсё прывядзе да пераследу.
— Марыя, а хто будзе прымаць справаздачы па рэалізацыі абраных праектаў і агулам кантраляваць, на што выдаткоўваюцца сабраныя грошы?
Ёсць два фонды, з якімі мы супрацоўнічаем. У Польшчы – Tutaka, у Літве – Zubr. У іх працуюць дасведчаныя у плане добрачынных праектаў людзі. Калі праект скончыцца, справаздача будзе апублікаваная на сайце «Новай Беларусі».
А вось кірунак Глобал – гэта больш пра давер. Там мы не будзем патрабаваць дакладнай справаздачы. Праекту-пераможцу трэба будзе толькі прэзентаваць вынік супольнасці.