Маці зняволенага ў Беларусі літоўца не можа дамагчыся экстрадыцыі. Надзіва, не праз рэжым
Літоўскія ўлады заяўляюць, што робяць усё магчымае, але, на думку жанчыны, яны робяць недастаткова.
Пасля таго як у беларускай турме памёр грамадзянін Літвы, прадстаўнікі літоўскіх уладаў сцвярджалі, што рабілі ўсё магчымае для аказання дапамогі затрыманаму. Аднак у гэтым сумняваецца маці іншага грамадзяніна Літвы, які цяпер знаходзіцца ў беларускай турме: яна запэўнівае, што не можа вярнуць сына праз бяздзейнасць літоўскіх устаноў.
На пачатку сакавіка 2024 года ў беларускай турме памёр грамадзянін Літвы. Ён апынуўся ў турме напрыканцы 2023 года, калі спрабаваў перасячы мяжу, а яго абвінавацілі ў кантрабандзе зброі: у аўтамабілі былі нібыта знойдзеныя дзве скрынкі з патронамі калібра 9 мм. Пасля смерці мужчыны амбасадарка Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене сказала, што з моманту затрымання мужчыны рабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы яму, піша «Delfi».
«Шматкроць пісалі, прасілі даць магчымасць сустрэцца з ім. Паколькі адказаў не было, мы напісалі яшчэ адну ноту, у адказ нам патэлефанавалі і сказалі, што сустрэчу арганізаваць не атрымаецца — грамадзянін Літвы памёр», — сказала амбасадарка. Аднак Гражына (сапраўднае імя рэдакцыі «Delfi» вядома) не верыць гэтаму. Сын гэтай жанчыны знаходзіцца ў беларускай турме з траўня 2022 года.
«Калі нашы ўлады кажуць, што робяць усё магчымае, гэта няпраўда, яны нічога не робяць!» — абураецца жанчына. Яе сын апынуўся за кратамі, калі былая сяброўка абвінаваціла яго ў крадзяжы. Маладога чалавека прысудзілі да турэмнага зняволення на 5 гадоў.
«Каб вы зразумелі, што там было за расследаванне: нават адбіткі пальцаў не бралі, нічога не рабілі», — расказала Гражына. Асабліва яе расчараваў працэс экстрадыцыі. Паводле слоў жанчыны, яна робіць усё магчымае, каб сын мог адбыць пакаранне ў Літве, але літоўскія ўстановы праяўляюць поўную абыякавасць.
«Я пішу лісты, мой сын піша лісты ў Мінюст, у амбасаду, але нам не адказваюць. Яны прыгожа ўмеюць гаварыць толькі з тэлеэкранаў, нібыта так імкнуцца, — сказала жанчына. — У лістападзе 2023 года Беларусь пагадзілася на перадачу майго сына. А Мінюст даў адказ толькі 10 студзеня 2024 года. Чаго спяшацца? Няма чаго спяшацца! І мой сын усё яшчэ там».
Паводле яе слоў, Мінюст сказаў, што з пытаннем экстрадыцыі яны павінны звяртацца ў Службу грамадскай бяспекі і крымінальную паліцыю. «Я ўсіх абышла, пайшла ў СГБ, яны глядзяць на мяне і адказваюць: "Калі нам скажуць, мы паедзем на мяжу і забяром". Я тэлефанавала ў крымінальную паліцыю, там таксама нічога не ведаюць, толькі спыталі, чаму Мінюст накіраваў да іх».
Жанчына найбліжэйшым часам мае намер ехаць у Мінск, каб там высветліць, як дапамагчы сыну.
«Я ўжо два гады туды езджу. Я таксама баюся туды ездзіць. Але паеду ў Мінск, у пракуратуру, каб даведацца, чаму сын яшчэ не ў Літве. Паеду ў амбасаду Літвы ў Мінску, пагляджу, што яны мне скажуць. Сын пасылаў ім ліст, прасіў звязацца, у яго астма, а яму не даюць лекаў, але яму нічога не адказалі», – расказала Гражына.
Журналісты звярнуліся ў Мінюст, ім адказалі, што ў снежні 2023 года яны атрымалі з Генпракуратуры Беларусі канчатковую згоду на перадачу гэтага грамадзяніна Літвы для адбыцця пакарання на радзіме. Мінюст паказаў, што сам ён у працэсе практычнай перадачы зняволеных не ўдзельнічае, таму ўсю інфармацыю ён перадаў Літоўскаму бюро крымінальнай паліцыі.
Асуджаны быў праінфармаваны, што бакі згодныя на яго перадачу. Паведамляецца, што працэс перадачы зняволенага займае 2-3 месяцы, а часам і даўжэй, усё залежыць ад пагаднення паміж адказнымі ведамствамі абедзвюх краін.
«Мінюст аб канкрэтнай даце перадачы асоб не інфармуюць (толькі па факце)», – сказана ў адказе Мінюста. Пасля смерці грамадзяніна Літвы ў беларускай турме МЗС Літвы яшчэ раз заклікаў грамадзян не ездзіць у Беларусь.