Legalize супраць Мінінфарма
24 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачнецца разгляд скаргі Legalize Belarus на дзеянні Міністэрства інфармацыі адносна сайту legalize.by, заблакаванага за нібыта «прапаганду спажывання марыхуаны». Інтарэсы заяўніка будзе прадстаўляць Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Раней актывісты атрымалі скрыншоты, на падставе якіх вэбсайт быў заблакаваны. На дзесяць скрыншотаў трапілі фотаздымкі, большасьць з якіх зробленая падчас мерапрыемстваў і акцыяў грамадскай кампаніі.
«Гэта першая падобная справа ў гісторыі Беларусі. Свабода слова — адно з галоўных правоў чалавека, калі яго абмяжоўваць, іншыя нашыя правы, у тым ліку права на жыццё, будуць пад пагрозай. Дзякуючы сайту мы можам асвятляць нашую дзейнасць і казаць пра несправядлівасць, што чыніць нашая дзяржава. Гэтую справу нельга пакідаць проста так, бо свабодны інтэрнэт — апошняе, што ў нас засталося», — кажа юрыст Legalize Belarus Стас Шашок.
Вэбсайт асветніцка-адвакацыйнай грамадскай кампаніі Legalize Belarus legalize.by заблакаваны 17 траўня 2018 рашэннем Міністэрства інфармацыі на падставе апавяшчэння з Міністэрства ўнутраных справаў. Разам з ім аказаліся недаступнымі каля 300 вэбсайтаў, што знаходзяцца на сервеэры з IP-адрасам 139.162.166.31. Толькі праз 2 месяцы пасля блакавання новым загадам быў адноўлены доступ да сайтаў, заблакаваных памылкова. Старонка Legalize Belarus у сацыяльнай сетцы «Укантакце» заблакаваная ў Расіі, але даступная ў Беларусі.
Працэс пачнецца 24 студзеня 2019 а 15:00 у судзе Цэнтральнага раёну (вул. Кірава, 21, каб. 305). Суддзя — Длужнеўскі Аляксандар Мікалаевіч.
Паводле прэс-службы "Дзея"