Леанід Судаленка: Мрою, каб здзейснілася мара маёй маці — пакласці кветкі на магілу дзеда

Гамяльчанка Тамара падзялілася з рэдакцыяй сайта «Гомельская вясна» лістом ад Леаніда Судаленкі, дзе ён распавядае кранальную гісторыю сваёй сям’і і акалічнасці гібелі яго дзеда падчас вайны, а таксама дзеліцца сваёй марай.

sudalienka_2020_2.jpg

«Я ў парадку. Ужо ў пятніцу апеляцыя (суд закрыты). Я гатовы маральна да любога выніку яе разгляду. Калі яшчэ засталіся прыкметы законнасці ў сценах судоў, павінны вырак адмяніць і адправіць на новы разгляд. Калі пакінуць у сіле тое, што там напісана — значыць, закон тут болей не жыве.
Я яшчэ шкадую аб адным — не паспеў выканаць абяцанне сваёй маці. Справа вось у чым. Яна — Соф’я Сцяпанаўна, 1939 н.г., з-пад Менску (Пухавіцкі раён). Даваенная вясковая сям’я, пяцёра дзяцей, прычым, мая мама старэйшая ў сям’і. Яе бацька, мой дзядуля, як і ўсе тады мужыкі, быў прызваны на фронт. У 43-м годзе пасля вызвалення Беларусі бабуля атрымала пахаронку — Стралок Сцяпан Іванавіч, 1914 г.н., знік без вестак.
Мая маці свайго бацьку не памятае. Калі праважалі на фронт, яна была зусім маленькая, а з вайны ён так і не вярнуўся. Раслі яны ў вёсцы пасля вайны, як і ўсе дзеці таго часу, іх маці, мая бабуля, працавала і карміла дзяцей. Дзеці раслі ў працы, вось і маці з дзяцінства працавала пасля двух класаў школы на станцыі Пухавічы разнарабочай на чыгунцы. Там 18-гадовай дзеўчынай пазнаёмілася з салдатам, які склад ахоўваў. Гэты салдат і стаў маім бацькам. Нас было 5 дзяцей у сям’і, мы таксама нарадзіліся ў вёсцы пад Брагінам, куды бацька прывёз са службы нашу маці, то-бок, да сябе на радзіму.
Маці ўвесь час казала, што ніхто з яе сям’і — ні браты, ні сёстры не ведаюць, дзе пахаваны іх бацька, мой дзядуля па матчынай лініі. Так і жылі ўсе 75 гадоў пасля вайны, лічылі дзядулю зніклым без вестак.
Увесну 20-га года я захварэў на "карону", быў 21 дзень дома на ізаляцыі і за гэты час перагледзеў у інтэрнэце сайты ўсіх расійскіх архіваў. І знайшоў!!! Свайго роднага дзядулю, ці, дакладней, месца ягонай гібелі. З дакладнасцю 70 метраў ад дарогі месца яго пахавання побач з польскай вёскай, 120 км на поўнач ад Беластоку. Праверыў па гугл-мапе, там ні могілак, ні асобных пахаванняў не было. Спісаўся з польскімі, мясцовымі ўладамі і яны пацвердзілі, што перапахавалі парэшткі забітых савецкіх салдат у брацкую магілу пад Беластокам. У спісе перапахаваных ёсць і мой родны дзядуля па матчынай лініі. Памылкі быць не магло — усе даныя: месца яго прызыву на фронт, даныя яго бацькоў, сям’і, дзяцей, усё ў архівах супадае.
Калі аб гэтым даведалася маці, яна плакала і прасіла звазіць яе на магілу бацькі. Са сваёй сям’і яна адна ва ўзросце 84 гадоў засталася ў жывых. Я паабяцаў — як толькі пройдзе "карона", сядзем у машыну і паедзем, пакладзём кветкі, пасядзім на магіле.
А потым былі выбары, а потым турма, ды і "карона" не сыходзіць.
Вось, сяджу і мрою, каб здзейснілася мара маёй маці — праз 75 год убачыць месца пахавання бацькі і пакласці яму на магілу кветкі. Сама яна не зможа паехаць. Ужо не той узрост. Яна чакае мяне, каб сустрэцца са сваім бацькам.
Вось такая непрыдуманая гісторыя жыцця адной беларускай сям’і. Я веру, што мары здзяйсняюцца».